10-гадовага Максіма шукаюць ужо пятыя суткі

20 сентября 2017

На жаль, падчас грыбнога сезона многія проста забываюць аб мерах бяспекі і не заўсёды могуць самастойна выбрацца з лесу. А міліцэйскія зводкі ўсё больш стракацяць паведамленнямі аб вышуку. Так, 10-гадовага Максіма, які знік у Белавежскай пушчы, шукаюць ужо пятыя суткі. Пошукавая аперацыя расцягнулася на некалькі дзясяткаў кіламетраў. У ёй удзельнічаюць супрацоўнікі міліцыі, МНС, леснікі і сотні мясцовых жыхароў і добраахвотнікаў з пошукавых атрадаў. Многія валанцёры прыехалі спецыяльна з Гродна, Брэста і Мінска. Дзмітрый Смірноў прадоўжыць.

Максіма шукаюць ужо пятыя суткі. Спачатку тэрыторыя пошукаў была некалькі кіламетраў, зараз перыметр пашырылі да 40. Супрацоўнікі міліцыі, свабодныя ад дзяжурстваў ратавальнікі МНС, леснікі і сотні добраахвотнікаў. У выратавальнай аперацыі ўжо каля тысячы чалавек.

З суботы пошукі хлопчыка не спыняліся нават уначы. Змяняліся толькі людзі. Неабыякавыя і сёння працягваюць прыязджаць з Гродна, Брэста і Мінска.

На верталётах праводзілі аблёт тэрыторыі, але лес вельмі густы, і разгледзець з вышыні (тым больш дзіця) практычна немагчыма. З зямлі і з паветра адпрацоўвалі тэрыторыю ля вёскі Новы Двор, дзе апошні раз бачылі хлопчыка. Як расказалі відавочцы, Максім вечарам 16 верасня гуляў з сябрамі ля шалаша і прапанаваў ім пайсці глыбей у лес. Калі тыя адмовіліся, пайшоў адзін.

Пошукавую аперацыю зараз вядуць на тэрыторыі адразу трох лясніцтваў. Людзей разбілі на некалькі груп, каб ахапіць як мага большы радыус.

Спецыялісты гавораць: ёсць вялікая верагоднасць, што з Максімам усё будзе ў парадку. Хлопчык мясцовы і нядрэнна ведае тутэйшыя лясы. Галоўнае - каб ён змог атуліцца ў сухім месцы. Пакуль начная тэмпература не апускаецца ніжэй за 10 градусаў цяпла.

Яшчэ адну надзею даў службовы сабака, які выйшаў па следзе з грунтавой дарогі на асфальт. Зараз у людзей, якія шукаюць хлопчыка, новыя квадраты для адпрацоўкі.

На пытанне, колькі яшчэ будуць працягвацца пошукі, тут усе адказваюць аднолькава: пакуль Максім не знойдзецца.