1050 замежных студэнтаў і выкладанне дысцыплін на англійскай мове

14 декабря 2019
Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт становіцца ўсё больш прывабным для маладых людзей з далёкага замежжа. Атрымаць профільную адукацыю менавіта ў горадзе над Нёманам выказалі жаданне грамадзяне 36 краін свету. Прычына такога попыту на беларускія дыпломы - высокая якасць атрыманых ведаў. Выпускнікі ВНУ сёння працуюць на ўсіх кантынентах.

Юрый Карняловіч аб усім падрабязна. Жыхарка Шры-Ланкі Агампадыге Рымашыка пра Гродзенскі медуніверсітэт даведалася з мясцовых газет. Дзяўчына як раз збіралася на вучобу за мяжу і вызначалася з краінай і ВНУ. Дасканала вывучыўшы якасць беларускай адукацыі і паразмаўляўшы з былымі выпускнікамі медуніверсітэта, на сямейным савеце прынялі рашэнне адправіцца па веды ў далёкую Беларусь. Праблем з навучаннем не ўзнікла, бо дысцыпліны ў Гродне для замежных студэнтаў выкладаюцца на англійскай мове, а вось да побыту прыйшлося прыстасоўвацца.

Адаптацыя прайшла хутка і ўжо праз год Агампадыге з задавальненнем гатавала нават беларускія дранікі. Праўда, вольнага часу ў дзяўчыны было няшмат – ўзмоцнена спасцігала ўсе асаблівасці будучай прафесіі. Прызнаецца, узровень адукацыі ў Беларусі настолькі высокі, што дазволіць ёй працаваць па спецыяльнасці нават у краінах Еўрапейскага саюза.


Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт заўсёды быў флагманам новых ідэй


Тут акцэнт робяць на практыка-арыентаваным навучанні. На базе ВНУ адкрыліся ўнікальныя для Беларусі спецыяльнасці - медыка-псіхалагічная і сястрынская справы. Таксама менавіта ў Гродне быў запушчаны пілотны для Беларусі праект універсітэцкай клінікі.

Для прыцягнення замежных студэнтаў у Гродзенскім медуніверсітэце ствараюцца ўмовы не толькі для навучання. Паступова вырашаюцца і ўсе бытавыя праблемы.

Сёлета студэнтаў-медыкаў чакае наваселле. Ужо да канца бягучага года будзе ўведзены ў строй вось гэты 13-павярховы сучасны інтэрнат. Тут прадугледжана блочная сістэма пражывання, ёсць спартыўная зала і бібліятэка. Палепшаць свае жыллёвыя ўмовы адразу 1030 чалавек, у тым ліку і замежныя студэнты.

Увогуле замежныя студэнты - адзін з перспектыўных кірункаў медуніверсітэта. З больш чым 4 тысяч навучэнцаў - 1050 іншаземцы. Геаграфія самая шырокая. Маладыя людзі з 36 краінаў свету абралі гродзенскую ВНУ для навучання. А найбольшая колькасць традыцыйна з Індыі, Шры-Ланкі і Нігерыі.

У планах кіраўніцтва ўніверсітэта - наладзіць цесныя сувязі з аналагічнымі ўстановамі еўрапейскіх краін, каб абменьвацца вопытам выкладання з калегамі з профільных замежных ВНУ.