100 новых узораў тэхнікі прадэманстраваў Дзяржваенпрам на выставе MILEX-2019

15 мая 2019

100 новых узораў тэхнікі прадэманстраваў сёння Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт на выставе MILEX-2019. Адзін з найбуйнейшых ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне зброевых салонаў адкрыты сёння ў сталіцы. Месца лакацыі - "Мінск-Арэна". Айчынныя распрацоўшчыкі прапанавалі каля 300 экспанатаў. Эксперты адзначаюць, што ў Беларусі створаны і працуюць вельмі перспектыўныя сучасныя вытворчасці ракетабудавання, а таксама стралковай зброі і боепрыпасаў. Сярод самых новых узораў - ЗРК "ТРЫА" і "Бук-МБ3".

У Беларусь з дзелавымі візітамі прыбылі 60 замежных дэлегацый з 35-ці краін. Традыцыйна моцныя распрацоўкі прадэманстравалі Расія, Германія, Казахстан Італія і Кітай. Прыярытэты аддадзены сродкам агнявога паражэння, сістэмам комплекснага процідзеяння высокадакладнай зброі, беспілотным авіяцыйным комплексам і баявым геаінфармацыйным сістэмам.