100 дзён да Новага года!

23 сентября 2016

Роўна за 100 дзён да самай чароўнай ночы адзін са сталічных універмагаў адкрыў першы ў Мінску навагодні кірмаш. Ужо сёння пакупнікоў забаўляюць Дзед Мароз, Снягурка і казачныя персанажы. А на гандлёвых паліцах, акрамя  мішуры, карнавальных касцюмаў і гірлянд, -  новыя калекцыі навагодніх аксэсуараў. Незвычайнае каляровае рашэнне распрацавалі і  для галоўнага навагодняга дрэва. Замест зялёных, на штучных ёлках галінкі - фіялетавыя і салатавыя. Аляксандра Драгун - пра навагоднюю моду - 2017.

Бляск навагодняй ілюмінацыі, карагоды з Дзедам Марозам, багацце цацак, гірлянд і мішуры. Атмасфера, бадай, самага чароўнага свята - Новага года -  пануе пакуль не на вуліцах Мінска - у гандлёвым цэнтры.

Пры плюсавай тэмпературы адчуць марозную прахалоду прапаноўваюць у гэтым універмагу. За 100 дзён да Новага года тут адкрылі першы ў Мінску святочны кірмаш. Ад ёлачных цацак да карнавальных убораў. Акрамя карысных пакупак, мржна загадаць жаданне ці зрабіць сэлфі з галоўным чараўніком Новага года.

Сёння ў дзяцей была нагода ўзгадаць навагоднія вершы і  ў верасні вадзіць карагоды вакол ёлкі. Дарэчы, сёлета галоўнае навагодняе дрэва памяняла колер - сярод штучных зялёных галінак можна разгледзець  нестандартныя адценні, напрыклад, фіялетавы ці салатавы. Самая вялікая прыгажуня тут тры метры.

На гандлёвых паліцах акрамя традыцыйнай мішуры, дэкаратыўных караляў і электрагірлянд -  новыя калекцыі ўпрыгажэнняў. Гэта неонавыя шары з глянцавым бляскам, цацкі, аздобленыя льняной стужкай ці ажурнымі ўзорамі. Дожджык не прамой нарэзкі – хвалістай. Модна ў гэтым сезоне ўпрыгожваць навагодняе дрэва цацкамі ў выглядзе ледзяша, балерыны і безумоўна – вогненнага пеўня – сімвала 2017 года.

Услед за гэтым універмагам – у кастрычніку і лістападзе – навагоднія кірмашы, секцыі са штучнымі елкамі, цацкамі і гірляндамі з'явяцца ў кожным гандлёвым цэнтры сталіцы. Акрамя гэтага, да зімовых свят ва ўнівермагах пройдуць дні скідак.