100 беларускіх і расійскіх студэнтаў дапамагаюць у будаўніцтве трэцяй лініі сталічнага метро

6 августа 2019
Нядаўна гэты аб'ект атрымаў  статус  мінскай гарадской маладзёжнай будоўлі. За працоўнымі буднямі маладых будаўнічых назірала Юлія Хмель.

Правая рука будаўнікоў, так кажуць пра маладых байцоў на будоўлі мінскага метро. Георгій Драздоў - навучэнец архітэктурна-будаўнічага каледжа -  папоўніў шэрагі студэнцкага атрада два тыдні таму. Уборка тэрыторыі, сартаванне запчастак, пагрузка і выгрузка інструментаў - так праходзіць 8-гадзінная рабочая змена юнака. 

Праўда, гэта не толькі вопыт, але і добрая магчымасць зарабіць. Тут абяцаюць ад 700 рублёў за месяц. На глыбіні працуюць толькі прафесіяналы. А вось каб студэнтам сюды трапіць, неабходна было загадзя прайсці спецыяльную падрыхтоўку. 

І нават дзяўчатам праца на глыбіні па сілах. Зусім нядаўна да маладзёжнай будоўлі далучыліся студэнты з Санкт-Пецярбурга. Сярод 12 байцоў  і Дар'я Рык. У Беларусі госці прабудуць да канца жніўня. 

Усяго на будаўніцтве трэцяй лініі мінскага метро задзейнічаны больш за 100 беларускіх і расійскіх байцоў. Зрэшты, абмен кадрамі - ужо даўняя традыцыя. У сваю чаргу нашы студэнты амаль месяц працуюць на адным з гістарычных аб'ектаў Піцера. 

Дарэчы, працаваць на трэцяй ветцы метро студэнты змогуць і ў верасні. Для іх прадугледжаны індывідуальны графік, каб праца не замінала вучобе. Усяго ў Мінску на розных аб'ектах працуе каля 4 тысяч чалавек. Гэта на паўтысячы байцоў больш, чым за ўвесь мінулы працоўны семестр. У лідарах  будаўнічы кірунак, таксама набірае папулярнасць  сэрвісны. Было б жаданне, кажуць на прадпрыемствах, а працоўнае месца знойдуць кожнаму.