Да выбараў прыкавана і самая пільная ўвага прэсы. Акрэдытацыю для асвятлення ходу галасавання ў асноўны дзень атрымалі каля 1000 журналістаў з 30 краін. Ужо заўтра раніцай асвятляць галоўную палітычную падзею года ў Беларусі яны будуць з Палаца Рэспублікі. Там адкрыецца інфармацыйны цэнтр. Сёння прайшла апрабацыя яго працы. З падрабязнасцямі - Ілона Красуцкая.
Гэтымі хвілінамі ў холе Палаца Рэспублікі не так шматлюдна. Але насамрэч многія спецыялісты, якія арганізоўваюць працу інфацэнтра, - самыя непублічныя персоны. Гэта зразумела, усё ж ідуць апошнія падрыхтоўкі. Тэхнічны складнік забяспечваюць дзясяткі чалавек, каб усяго праз 13 гадзін галоўную палітычную падзею года ў камфортных умовах магла асвятляць амаль тысяча журналістаў.
Акрэдытацыю атрымалі СМІ з 30 краін. Гэта вядучыя сусветныя тэлекампаніі, інфармагенцтвы, інтэрнэт- і друкаваныя выданні. У Беларусі будуць працаваць журналісты з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Даніі, Германіі, Польшчы, Чэхіі і ЗША. Сёння інфацэнтр прайшоў свайго роду тэст-драйв. Тэхнічную начынку прадэманстравала намесніку кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Бузоўскаму. Кожныя дзве гадзіны заўтра тут будуць праходзіць прэс-канферэнцыі. Гэта, па сутнасці, фармат "шэсць у адным" - арганізуюць прамыя ўключэнні з абласных камісій.
Інфармацыйны цэнтр адкрыецца заўтра ў 10 раніцы. У распараджэнні журналістаў моцныя камп'ютары і высокахуткасны Інтэрнэт. Разам з калегамі ў Палацы Рэспублікі будуць працаваць дзясяткі аператараў і карэспандэнтаў Агенцтва тэленавін.













