Жыццё даўжынёй у стагоддзе

21 февраля 2014

У сталіцы пражываюць 64 чалавекі, якія ўжо адсвяткавалі свой стогадовы юбілей. Сёння сярод імяніннікаў Андрэй Іванавіч Задарожны. Мужчына бачыў апошняга рускага цара і перажыў дзве вайны.



Чым цікавіцца зараз стогадовы дзядуля і якім звычкам не здрадзіў і дагэтуль - ведае Наталля Кезік.


Яго раніца абавязкова пачынаецца з кубка кавы. Так павялося з маладосці. І адразу ж - за працоўны стол. Перад стогадовым Андрэем Іванавічам - стос спісаных папер і кніжкі з ўласнымі паметкамі.


У маладосці Андрэй Іванавіч дасканала ведаў англійскую і французскую мовы. Зараз спасылаецца на ўзрост і перавагу аддае кнігам на рускай мове. У перапынках не забывае падсілкавацца. Дарэчы, на адсутнасць апетыту дзядуля не скардзіцца. За здароўем доўгажыхара сочаць абедзве дачкі.


Нарадзіўся Андрэй Іванавіч пад Новачаркаскам. Памятае, як на руках у маці вітаў апошняга рускага цара. Ды і прозвішча Задарожны адпавядае прафесійнай дзейнасці Андрэя Іванавіча. Мужчына ўсё жыццё пракладваў электрычныя пуці для цягнікоў. Працаваў на пяці чыгунках свету. У 1951-м сям'я Задарожных пераязджае ў Мінск. І Андрэй Іванавіч электрыфікуе пуць для першай беларускай электрычкі. Дынастыю бацькі прадоўжыла старэйшая дачка і ўнук. Разам на чыгунцы адпрацавалі амаль 120 гадоў.


Самыя складаныя гады жыцця - успамінае Андрэй Іванавіч - ваенныя. Адразу пасля заканчэння баявых дзеянняў атрымаў ордэн Ганаровага чыгуначніка. А 12 гадоў таму юбіляру быў прысвоены ордэн імя Францыска Скарыны. Доўгія гады ён узначальваў гарадскую ветэранскую арганізацыю.


На будучыню Андрэй Іванавіч не загадвае - кажа, пражыве с задавальненнем столькі, колькі наканавана лёсам. А пра тое, што пражыў цэлае стагоддзе, ніколькі не шкадуе.


Сёння з раніцы дзве дачкі, нявесткі і ўнучкі гатуюць для Андрэя Іванавіча любімыя стравы. За святочным сталом на стогадовы юбілей збяруцца сябры і як мінімум пяць пакаленняў Задарожных.