Заходнія вароты чакаюць сваіх навасельцаў

19 марта 2014

Заходнія вароты Мінска гасцінна сустрэнуць балельшчыкаў чэмпіянату свету па хакеі. Такую неафіцыйную назву атрымаў уезд у горад з брэсцкага кірунку. Да хакейнага першынства тут плануюць узнавіць рух па праспекце Дзяржынскага, адкрыць шматузроўневыя паркінгі і больш за паўтары тысячы машына-месцаў на паркоўках. Між тым, заходнія вароты чакаюць сваіх навасельцаў.



Больш падрабязна - Марына Мураўёва.



Гасцявыя стаянкі, кафэ, месцы адпачынку і метро ў крокавай даступнасці. Заходнія вароты Мінска ветліва прымуць гасцей чэмпіянату. Такую назву атрымала месца, дзе Малінаўка злучаецца з Брылевічамі. Сёння тут кіпіць праца. Рэканструююць праспект Дзяржынскага, будуюць новую станцыю метро Малінаўка, завяршаюць апрацоўчыя работы на пляцоўках ля новабудоўляў. У наступным месяцы навасельцы пачнуць засяляцца. І першае, што іх парадуе, - выезды з двароў без затораў.


Непрадказальнае надвор'е на гэтым тыдні ўносіць свае карэктывы не толькі ў будаўнічыя планы, але і ў рэканструкцыю праспекта Дзяржынскага. Снежнае покрыва і тэмпературны мінус перашкаджаюць пакласці верхні пласт асфальту. Калі слупкі тэрмометраў некалькі дзён будуць трымацца на адзнацы плюс 10 - дарожныя работы адновяць.


Па абодва бакі праспекта для балельшчыкаў сусветнага першынства падрыхтавалі паўтары тысячы машына-месцаў. Стаянкі знаходзяцца недалёка ад фан-зоны ля студэнцкай вёскі. Для гасцей сталіцы рыхтуюцца і іншыя месцы для часовага паркавання.


Адкрыццё праспекта Дзяржынскага запланавана на май. Рух будуць аднаўляць паступова, у тым ліку і для грамадскага транспарту.