За чатыры хвіліны ад Мінск-Арэны да станцыі метро Маладзёжная

23 октября 2013

Напярэдадні вечарам прайшоў эксперымент па дастаўцы гледачоў Мінск-Арэны з канцэртных і спартыўных мерапрыемстваў. Электрацягнік чакаў пасажыраў на платформе з дзесяці гадзін вечара і адправіўся па раскладзе ў дваццаць хвілін. Але канцэрт на лядовай арэне затрымаўся, і цягнік, не дачакаўшыся пасажыраў, адправіўся пустым. Падрабязней Наталля Кезік.



Чыгуначныя мікрарэйсы ў гэтым напрамку даўно патрэбныя сталіцы. Пятнаццаць тысяч гледачоў пасля матчаў альбо канцэртаў, якія праходзяць у Мінск-Арэне дабіраюцца да дому на ўласным аўто, аўтобусах альбо таксі. І як вынік - кіламетровыя пробкі на праспекце Пераможцаў. Планавалася, што гарадская электрычка зможа разгрузіць наплыў пасажыраў.


Білеты на хуткі цягнік можна набыць за дзесяць дзён. Яго кошт усяго 700 рублёў. Але і гэта, як аказалася, не выратоўвае пасажыраў.


Зараз на гадзінніку роўна дзесяць вечара, а канцэрт у Мінск-Арэне ў самым разгары. І, нягледзячы на гэта, цягнік са станцыі Масюкоўшчына адпраўляецца праз 20 хвілін.


Пры гэтым, час адпраўлення рэйса загадзя абмяркоўваўся з арганізатарамі канцэртаў. Каб паспець на станцыю, шоу альбо гульня павінны заканчвацца ў 21:40. Сорак хвілін гледачам дастаткова, каб атрымаць вопратку ў гардэробе і дайсці да станцыі Масюкоўшчына. Але на практыцы мерапрыемствы на лядовай арэне затрымліваюцца. А затрымаць цягнік на рэйках станцыі немагчыма.


Валерый Калюжны, начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі: Графік у нас даволі жорсткі. І для нас графік руху цягнікоў гэта закон. Безумоўна, гэтыя шурпатасці ў большай ступені звязаныя не з намі, таму што час адпраўлення гэтых цягнікоў быў узгоднены з арганізатарамі канцэртаў.


Апошні этап эксперыменту пройдзе ў нядзелю. Гледачы канцэрта Мілен Фармер змогуць дабрацца да метро на цягніку. З панядзелка кіраўніцтва Беларускай чыгункі пачне складаць расклад руху падобных гарадскіх электрычак да чэмпіянату свету па хакеі. Да мая варта падрыхтавацца больш якасна - колькасць гледачоў і балельшчыкаў вырасце ў дзясяткі разоў.