Юныя гоншчыкі картынгу спаборнічалі ў сталіцы

19 ноября 2014

У Мінску вызначылі лепшага юнага гоншчыка ў хуткасным манеўраванні! За званне пераможца змагаліся прадстаўнікі ўсіх карт-секцый сталіцы. Пра экстрым на картадроме - Марына Мураўёва.


Прыцемкі і штучнае лядовае пакрыццё. Такія экстрэмальныя ўмовы стварылі для самых маленькіх аматараў гонак падчас гарадскіх спаборніцтваў па картынгу.


На трэк па хуткасным манеўраванні з'ехаліся прадстаўнікі ўсіх гарадскіх картынг-секцый. А гэта 35 удзельнікаў ва ўзросце ад пяці да адзінаццаці гадоў.


Сям'я Захаравых прыехала на спаборніцтвы ў поўным складзе. Абодва сыны - Ягор і Рыгор - заўзятыя аматары гонак на картах. Старэйшаму ўвогуле ўдалося ўстанавіць асабісты рэкорд - ён пераадолеў трасу за 30 секунд!


Спаборніцтвы па фігурным кіраванні картамі праводзяцца ў сталіцы дзясяты год запар. Сёлета ўдзельнікам трэба было як мага хутчэй пераадолець перашкоды: вароты, змейку, эстафету і ўчастак галалёдзіцы. Выканаць усе гэтыя фігуры бездакорна - магчыма. Нават на слізкім асфальце.


Катацца на карце можна ў любое надвор'е. Для кожнага - адпаведны від шын. Для снегу або галалёдзіцы - шыпаваныя, для сухога асфальту - слік, а для гэтых спаборніцтваў колы пераабулі ва ўніверсальныя шыны.


Два кіламетры трасы ўсе ўдзельнікі пераадолелі паспяхова. Наступныя спаборніцтвы пройдуць у снежні. Тады ўжо маленькія картсмены апрабуюць і снежнае пакрыццё.