Глянуць на гісторыю нашай краіны вачамі еўрапейцаў

5 апреля 2013

Арыгінальныя гравюры з французскага часопіса дзевятнаццатага стагоддзя ўпершыню  прывезлі ў Мінск. На 30 ілюстрацыях паказаныя ваенныя падзеі 150-гадовай даўнасці, якія праходзілі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы. У тую эпоху гравюры суправаджалі паведамленні ў хроніцы і неслі інфармацыю ў масы. На замалёўках - як батальныя сцэны, так і эпізоды штодзённага жыцця. Сустракаюцца знаёмыя наваколлі Навагрудка, Гродна, Барысава, Слуцка і Мінска.


Выстава Нацыянальнага гістарычнага музея дэманструе і іншыя помнікі ХІХ стагоддзя. У экспазіцыі - каштоўныя кнігі, дакументы, даследаванні. Маштабны праект ствараўся на аснове прыватнай калекцыі пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі і Беларускага дзяржаўнага архіва - музея літаратуры і мастацтва.