Адноўленых будынкаў стане больш

11 декабря 2013

Капітальны рамонт закрануў амаль 500 жылых дамоў. А ў 2014 годзе аб'ёмы адноўленага жылля павінны павялічыцца амаль удвая - да мільёна квадратных метраў. Дарэчы, большая частка сродкаў выдзяляецца з гарадскога бюджэту, а адлічэнні жыхароў складаюць чвэрць ад затрат. Пашырэнне паркоўкі, добраўпарадкаванне двара, вібра- і шумаізаляцыя. Што можна паспець зрабіць за адзін год капрамонту.


Адказ - у Надзеі Сербіненкі.


Дом № 25, што на вуліцы Валгаградскай, пабудаваны ў 1963 годзе. Зразумела, што капітальны рамонт тут быў неабходнасцю.


Дамы на вуліцы Валгаградскай прайшлі ўсе стандартныя этапы капітальнага рамонту. Тут уцяплілі сцены, зрабілі вібра- і шумаізаляцыю, памянялі вокны.


Вонкава прыгожыя дамы і сапраўды сталі больш цёплымі, новыя вокны халодным паветрам не прадзімаюцца. Але не ўсе жыхары засталіся задаволенымі. Асабліва тыя, што жывуць на першых паверхах. У іх кватэрах рабілі касметычны рамонт - мянялі старую падлогу і клеілі шпалеры.


А ў гэтым доме на вуліцы Макаёнка якраз зараз ідзе капітальны рамонт. Тэмпература, блізкая да нуля, яшчэ дазваляе закончыць уцяпленне і афарбоўку сцен. Але з наступленнем моцных маразоў будаўнікі перамесцяцца ў пад'езды і падвалы будынка.


Дарэчы, толькі ў Мінску ў бягучым годзе адрамантавалі каля 600 тысяч квадратных метраў жылля. У гэты спіс увайшоў і дом, што ў завулку Кузьмы Чорнага. Сцены тут ужо пафарбавалі, а новыя вокны саграваюць жыхароў. Амаль 20 спецыялістаў адначасова зараз займаюцца аднаўленнем балконаў. Іх умацоўваюць дзеля бяспекі.


Капрамонт для жыхароў - гэта не толькі прыгожы вонкава дом. Без часовых нязручнасцяў, безумоўна, не абысціся. Але многія знаходзяць аптымальнае вырашэнне: сумяшчаюць капітальны рамонт дома з касметычным рамонтам сваёй кватэры.