Замест звычайнага праязнога - бескантактавыя смарт-карткі

9 октября 2013

Новая сістэма аплаты праезду у гарадскім транспарце прэзентуецца на выставе транспарту і лагістыкі ў Мінску. Ужо ў наступным годзе жыхары сталіцы зменяць звычайныя праязныя білеты на электронныя. Асаблівасці новай сістэмы ацаніла Таццяна Кучун.



Узор аўтобуса усталяванай сістэмай аўтаматызацыі аплаты праезду прадэманстраваў Мінсктранс на выставе транспарту і лагістыкі. У сістэме выкарыстоўваюцца бескантактавыя смарт-карткі з самай высокай ступенню аховы.


Папяровыя талоны для аднаразовай паездкі таксама застануцца ў абыходжанні. Пры гэтым звычайныя кампосцеры заменяць на электронныя, якія будуць друкаваць на талонах дату, час і нумар транспартнага сродку.



Станіслаў Трафімаў, начальнік аддзела сістэмнага адміністравання ДП Мінсктранс: Дзяржаўнае прадпрыемства Мінсктранс зацікаўлена ў пераходзе на аплату электроннымі карткамі і будзе спрыяць гэтаму сваёй тарыфнай палітыкай. Паездка, аплачаная разавым талонам, будзе некалькі даражэйшай, чым тая ж паездка, аплачаная з дапамогай электроннай карткі.



Кандуктараў не будзе, затое кантралёраў стане больш. Служба кантралёраў будзе абсталявана спецыялізаванымі прыладамі, якія счытваюць інфармацыю з праязных дакументаў.


Аляксандр Герасімкіў, вядучы інжынер-праграміст СП ЗАТ Міжнародны дзелавы альянс: Ажыццяўляючы аперацыю праверкі, кантралёр перш за ўсё блакіруе ўсю сістэму, каб у момант праверкі ніхто аплаціць ужо не змог. І шляхам паднясення карты да прылады правярае факт аплаты.



Электронная карта падтрымлівае ўсе дзеючыя віды праязных дакументаў, а таксама тарыфныя адзінкі на аднаразовую паездку. Наступным этапам плануецца ўкараненне дыферэнцаванай сістэмы аплаты праезду па колькасці прыпынкаў.



Станіслаў Трафімаў, начальнік аддзела сістэмнага адміністравання ДП Мінсктранс: Планавы тэрмін уводу сістэмы ў эксплуатацыю - гэта 2014 год. Але, згодна з распараджэннем прэм'ер-міністра, у студзені ДП Мінсктранс забяспечыць некалькі маршрутаў сістэмай аплаты з дапамогай электроннай карты.



Рэсурсы карты можна будзе шматразова папаўняць не толькі ў пунктах продажу, але самастойна з дапамогай банкаўскай карткі ў тэрміналах самаабслугоўвання.


Адной з асноўных мэт дадзенага праекта з'яўляецца стварэнне эканамічна прывабнай і зручнай для пасажыраў сістэмы аплаты праезду на аснове сучасных тэхналогій. У нашай краіне ўкараненне падобнай сістэмы павінна прайсці гладка, бо распрацоўшчыкі абапіраюцца на вопыт краін суседзяў, дзе падобная сістэма дзейнічае паспяхова.