Вербны кірмаш адкрыўся ў Палацы мастацтваў

20 апреля 2013

На працягу тыдня тут можна набыць неабходныя тавары да Велікодных святаў, наведаць майстар-класы па роспісе яек, вырабе упрыгажэнняў для вербачак і паслухаць выступленні царкоўных хароў.


 


Аляксандра Драгун прадоўжыць  тэму.


Падрыхтоўку да Велікодных святаў беларускія праваслаўныя вернікі распачынаюць з Вербнага кірмашу. Духоўна-асветніцкая выстава праходзіць у сталіцы адзінаццаты год запар. Сёлета форум аб’яднаў 130 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Сербіі. 


Цудатворныя іконы, духоўная літаратура, прадукцыя манастырскіх гаспадарак, сувеніры да Велікодных святаў і вырабы ручной работы. Некалькі паверхаў, чатыры прасторныя памяшканні Палаца мастацтваў запаланілі айчынныя і імпартныя тавары царкоўных прыходаў, выдавецтваў і  народных майстроў.


У межах выставы запланаваныя тэматычныя семінары, прэзентацыі кніг, урокі па майстэрстве званара і размовы са святарамі. Акрамя гэтага, даступныя іконы і крыжы з часцінкамі мошчаў святых для просьбаў, пакаяння і малітваў.


Для некаторых прыходаў гэтая выстава яшчэ і магчымасць заявіць пра сябе. Так, сваімі поспехамі ў будаўніцтве дзвюх святынь і памятнымі падзеямі з хрысціянскага жыцця дзеляцца праваслаўныя сёстры са сталічнага мікрараёна Лошыца.


Наведаць духоўна-асветніцкія мерапрыемствы і набыць святочныя тавары можна на працягу тыдня  з 10 раніцы да  7 гадзін вечара. Гэта таксама і выдатная магчымасць сустрэцца з мастакамі, іканапісцамі, званарамі і царкоўнымі асобамі, каб загадзя атрымаць адказы на ўсе пытанні і як след падрыхтавацца да Уваскрэсення Хрыстовага.