У Валожыне ўрачыста адкрылі Дом сямейнага тыпу

12 июля 2013

Навасельцаў віншавалі ўсе, хто дапамагаў узводзіць утульны ачаг - першы такога кшталту ў Валожынскім раёне. Увогуле, у сталічнай вобласці ў дамах сямейнага тыпу выхоўваецца каля трохсот дзяцей.


З тымі, хто сёння далучыўся да іх, пазнаёмілася Аксана Шыдлоўская.


У сталічнай вобласці - 35 дамоў сямейнага тыпу. На Валожынскай зямлі сёння з'явіўся першы. Яго адкрыццё стала выключнай радаснай падзеяй не толькі для бацькоў і дзяцей, якія будуць жыць у гэтым доме, а і ўвогуле - для ўсяго Цэнтральнага рэгіёну. Нават раптоўны дождж не сапсаваў святочнага настрою.


Высокіх гасцей віталі хлебам-соллю. Гасцінная сям'я Святланы Асянавай, Віктара Шыманоўскага і іх пецярых дзетак хваляваліся больш за ўсіх. Павіншаваць іх з наваселлем прыехалі тыя, хто дапамагаў узвесці прыгожы утульны будынак, - губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова - яна ж старшыня Беларускага саюза жанчын.


Клопат і любоў бацькоў тут атрымалі чацвёра прыёмных дзетак. Дагэтуль Святлана і Віктар выхоўвалі толькі сваю дачку Юлію. Сёння ёй ужо 20. Тры гады таму пашанцавала двайнятам - Паўліку і Палінцы, а ў мінулым годзе з Валожынскага прытулку ўзялі яшчэ Дзяніса і Алёнку - таксама брата і сястру. Усе разам жылі ў вёсцы Пугачы і вось, нарэшце, атрымалі вялікі прасторны дом у Валожыне.


На двух паверхах - утульныя пакоі і спальні, тут жа - гардэробная і нават асобнае памяшканне для спартыўных заняткаў.


Менавіта такая форма выхавання дзяцей, як дом сямейнага тыпу, сёння ўжо пацвердзіла сваю запатрабаванасць. Бо такі надзейны прытулак, хоць і мае статус сямейнага тыпу, насамрэч з'яўляецца сапраўднай сям'ёй. Мець яе - шчасце для кожнага дзіця.


Дождж, як сімвал дабрабыту, сёння быў нават дарэчы. Пасля некалькіх засушлівых дзён ён у глебу дадаў вільгаці, каб высаджаныя побач з новым домам дрэўцы лепш прыжыліся. Пакуль на алеі 5 дэкаратыўных туй, хутка з'явяцца яшчэ дзве. Сям'я Святланы і Віктара з Валожына ў найбліжэйшы час возьмуць пад сваё крыло яшчэ двух дзетак.