У сталіцы стане больш цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

3 декабря 2013

Працягнецца рэалізацыя праграмы стварэння безбар'ернага асяроддзя. Пра гэта сёння - у Міжнародны дзень інвалідаў - заявілі ўдзельнікі сустрэчы, на якой сабраліся прадстаўнікі сталічных службаў сацпадтрымкі і расійскія журналісты. Што яшчэ абмяркоўвалі госці з Расіі, ведае Аляксей Кандраценка.



Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Партызанскага раёна сталіцы - як другі дом для некалькіх тысяч мінчан. Пенсіянеры, людзі з абмежаванымі магчымасцямі тут заўсёды не толькі атрымліваюць дапамогу, але і знаходзяць сабе добрую кампанію.



Людміла Тарасевіч, старшыня таварыства інвалідаў па зроку Партызанскага раёна Мінска: Мы ездзім на экскурсіі, збіраемся на вечарынкі, ходзім на заняткі гуртка па рэабілітацыі інвалідаў па зроку.


Камп'ютарныя курсы, бібліятэка, а таксама розныя гурткі, дзе ствараюць прыгожыя рэчы сваімі рукамі.



Тэрытарыяльныя цэнтры - гэта яшчэ і магчымасць прадэманстраваць свае мастацкія і творчыя здольнасці. Напрыклад, як гэта робіць ансамбль танца Дэбют.


Саліст калектыву Рыгор Канстанцінавіч не прапускае ніводнай рэпетыцыі. Танцы, гаворыць, другая маладосць.


Расійскіх журналістаў чымсьці здзівіць цяжка. Ды і мэта іх прэс-тура не ў гэтым. Знакаміты каментатар радыё Уладзімір Бязяеў прызнаецца, што бачыў многае, але беларусаў адрознівае клопат не толькі якасны, але і шчыры.


Уладзімір Бязяеў, каментатар радыё Расія, Масква: У Беларусі ўсё ж больш увагі адзінокім і старым. У Расіі ў старых больш шанцаў сустрэцца з чорнымі рыэлтарамі з адпаведнымі наступствамі. А ў вас усе пад наглядам, вось сядзяць, нешта робяць, вышываюць.



Пад асаблівай апекай у горадзе - маладыя інваліды. Для іх працуюць аддзяленні дзённага знаходжання.


Сёння ў Мінску больш за 118 тысяч людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І ў кожнага з іх ёсць выбар - чым займацца ў жыцці. Гэта, мабыць, і ёсць галоўны крытэрый ацэнкі работы сталічных службаў сацыяльнай падтрымкі.