У сталіцы прайшлі незвычайныя спаборніцтвы

26 мая 2013

Гулялі не ў футбол ці баскетбол, а ў ё-ё. Як толькі не называюць удзельнікаў турніру: уладары кольцаў і нават фокуснікі - настолькі трукі выглядаюць неверагоднымі.


Станіслаў Ліпскі стаў відавочцам фестывалю скілтойс.

Цацкі, якія патрабуюць пэўнага навыку або скілтойс. Самая папулярная сярод іх ё-ё. Складаецца з двух дыскаў, злучаных воссю, на якую мацуецца вяроўка. Першае ўпамінанне аб ёй - 5-е стагоддзе да нашай эры ў Грэцыі выкарыстоўвалася ў рытуальных мэтах. Сёння гульня аб'ядноўвае мільёны прыхільнікаў.

Міхаіл і Сцяпан адны з самых вядомых ёераў Расіі. Прыехалі ў Мінск на дэбютны фестываль скілтойс з майстар-класам, у дадатак выступілі ў ролі суддзяў спаборніцтваў. Узрост удзельнікаў не абмежаваны, каб стаць гульцом трэба проста набыць ё-ё - яе кошт: ад 10 да 100 долараў у залежнасці ад матэрыялу, з якога яна выраблена - і адточваць навыкі.

У фестывалі прынялі ўдзел звыш трох дзясяткаў ёераў - у краіне гэты від спорту толькі набірае папулярнасць. Цімур у свае дванаццаць займаецца скілтойс усяго шэсць месяцаў - аднак свае амбіцыі не ўтойвае. А вось Сяргей стаў першым чэмпіёнам фестывалю, але ўжо ў другой дысцыпліне - кендама. Родапачынальнікі гульні - японскія самураі, паводле паданняў, з дапамогай кендамы яны развівалі сваю ўвагу і канцэнтрацыю.

Фестываль працягваецца. Месца баталій - Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Адзінае, што трэба, - жаданне і ё-ё - асноўным трукам навучыць абяцаюць кожнага.