У сталіцы прайшоў фінал конкурсу Belarus Startup

27 апреля 2013

Інавацыйная вясна скончылася пасяўной талентаў. У сталіцы прайшоў фінал конкурсу Belarus Startup. Сёння задача праекта не толькі выявіць аўтараў арыгінальных ідэй, але і дапамагчы ім выйсці на глабальныя рынкі.


Пра  самыя перспектыўныя праекты ў сферы IТ  - у рэпартажы Аліны Вольскай. 25 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, 10 праектаў, адзначаных еўрапейскім журы. І толькі адзінае жаночае прозвішча ў спісах фіналістаў. Анастасія Мельнікава яшчэ блытаецца ў тэрмінах IT-індустрыі і наўрад ці ведае, як палепшыць працу дадаткаў АС, але ў пытанні асобасных адносін ёй роўных няма. Усяго год таму яна распрацавала псіхалагічную гульню Як знайсці сваю другую палову, і ўжо сёння гэты праект стаў сенсацыяй конкурсу. Толькі адзін клік мышкай - і інтэрнэт-магазін гатовы. Праграмісты з Магілёва ўпэўненыя, што іх праект зробіць даступным інтэрнэт-бізнес кожнаму! Сёння гэтыя хлопцы спыніліся за крок ад перамогі, але ўжо магчыма заўтра пра іх загавораць ў Крамянёвай даліне. Але ў гэтым сезоне пераможцы конкурсу не атрымаюць прызоў. Сёння арганізатары праекта  гатовыя прапанаваць большае. Яны дораць удзельнікам магчымасці. Аўтары наватарскіх ідэй змогуць прэзентаваць свае праекты інвестарам і прайсці бясплатную стажыроўку ў тэхналагічных акселератарах. Пераможцам конкурсу стаў распрацоўшчык анлайн-сэрвісу Аляксандр Макараў. Ён ужо пакуе чамаданы на паўфінал Міжнароднага конкурсу Бізнес інавацыйных тэхналогій, прызавы фонд якога складае 100 000 долараў.