Майстроў арыгінальных жанраў у горадзе ўжо 1800, а ў рэгіёне каля тысячы. Але ёсць сярод іх тыя, хто стварае абсалютны эксклюзіў. Цюнінг халадзільнікаў, электрапліт і іншай бытавой тэхнікі з дапамогай медзі, латуні і бронзы.
Аляксей Кандраценка пабываў у майстэрні ў стылі стымпанк. Масіўныя, металічныя, але грацыёзныя! За антуражам гэтых рэчаў адразу і не пазнаеш бытавую тэхніку. Медных спраў майстар Дзмітрый ужо шмат гадоў злучае сучасныя дэвайсы з рэтраэстэтыкай. Нават мабільны тэлефон у стыльных даспехах. Зараз куе металічны панцыр для акустычнай сістэмы.
У гэтай майстэрні даказваюць: у звычайнага халадзільніка ці кава-машыны ёсць сапраўдная душа. Калі бачыш усе гэтыя рэчы, здаецца, што яны нібыта казачныя персанажы. Кава, між тым, сапраўдная.
Медзь, латунь і бронза. Стылізацыя пад эпоху віктарыянскай Англіі, дзе пануе дух паравых машын. Стым у перакладзе пара. Адсюль і назва з'явы - стымпанк.
Афіцыйна Дзмітрый рамантуе тэхніку. А стымпанк-майстэрня - хобі. Пры гэтым усе рэчы функцыянуюць як звычайныя.
Дзмітрый працуе не адзін, дапамагае сын Глеб. Вучань мастацкай школы тату не капіруе: працаваць з металам ранавата. Але свой стыль прыметны.
У планах медных спраў майстра - адкрыць кафэ ў сталіцы з антуражам паравых машын і рэтрамеханікі. Для аднадумцаў - месца сустрэчы, а для звычайных гараджан - магчымасць павандраваць па эпохах.














