У сям'і афрыканскіх страусаў папаўненне

2 августа 2014
Літаральна тыдзень таму ў незвычайнай сям'і нарадзіўся малыш. Адчувае сябе ён добра і ўжо даволі спрытна бегае па тэрыторыі заасада Цэнтра экалагічнага турызму Станькава.



Падрабязнасці ў Аляксея Радзівонава.
Пакуль гэтаму новаму падапечнаму заасада Станькава яшчэ толькі тыдзень, аднак, паводле слоў наглядчыкаў, маленькае страусяня ўжо адчувае сябе самым важным. Кажуць, цэлы дзень ходзіць за работнікамі экалагічнага цэнтра і сваёй маленькай дзюбай нібы камандуе, у якім вальеры трэба навесці парадак. Гэтай птушцы ў яе ўзросце можна есці толькі траву пэўнага гатунку. Гэта толькі потым яна зможа паласавацца сенам, кветкамі і нават насякомымі.
Пакуль імя ў афрыканскага страусяняці няма, аднак работнікі заасада плануюць назваць яго Кіраба, што з той жа афрыканскай азначае падарунак. А як жа інакш, гавораць наглядчыкі, бо чакалі малога некалькі гадоў. Сапраўды, чакалі папаўненне ў афрыканскай сям'і вельмі доўга, бо перш чым разводзіць страусаў, яны павінны не проста прывыкнуць, а адаптавацца да вільготнага беларускага клімату. Цяпер, прызнаюцца супрацоўнікі заасада, часам складваецца ўражанне, што афрыканскі страус менавіта беларуская птушка.
А вось акрамя страусаў у Цэнтры экалагічнага турызму жывуць яшчэ без малога 70 жывёлін. У кожнага ёсць свой вялікі вальер, як гаворыцца, з усімі выгодамі. Цікавы факт - выседжвае свае яйкі сямейная пара страусаў у распаленым пяску па чарзе - днём мама, а позняй ноччу самец. Аберагаць так сваё дзіця яны могуць да двух месяцаў, пасля чаго на свет вылупляецца птушаня, падобнае на вожыка з жорсткімі іголкамі. Ужо праз год рост афрыканскай птушкі можа даходзіць да 3 метраў.