У падарунак - новы сучасны транспарт

28 августа 2014

Між тым, падрыхтоўка да новага навучальнага года працягваецца. Беларускі банк развіцця і ўрад нашай краіны ўжо другі раз падарылі беларускім дзецям з рэгіёнаў новы сучасны транспарт. Так у новы навучальны год дзеці адправяцца на новых школьных аўтобусах. Падрабязнасці ў Аляксея Радзівонава.


Новыя школьныя аўтобусы ва ўсе рэгіёны краіны. Дабрачынная праграма Банка развіцця ўжо другі раз дапамагла тысячам вучняў з маленькіх гарадоў і вёсак. Цяпер па веды штодзень яны будуць адпраўляцца на новенькім і камфортным аўтобусе.


Уладзімір Лапацін, кіраўнік праекта Школьны аўтобус: Запатрабаванне ў падвозе вострае як ніколі, таму вось тыя дадатковыя адзінкі аўтобусаў, якія мы аддаем, з вельмі вялікай радасцю прымаюцца на месцах.


Усяго амаль 70 аўтобусаў класа Еўра 4 з'явяцца ў розных рэгіёнах. Напрыклад, Мінскі аўтамабільны завод прапанаваў перавозіць дзяцей на МАЗе 241. Ад папярэдніка ён адрозніваецца не толькі вонкава, але і, як гаворыцца, начыннем аўтобуса.


Віталь Псюк, начальнік аддзела рэалізацыі ўпраўлення продажу пасажырскай тэхнікі МАЗ: Ад абласных камітэтаў паступілі прапановы па ўдасканаленні гэтых аўтобусаў, што і было дапрацавана вось ужо на гэтай партыі. Былі ўлічаныя пажаданні вадзіцеляў і тых, хто займаецца рамонтам гэтых аўтобусаў.


Акрамя гэтага, канструктары таксама паклапаціліся і пра тое, як школьнік будзе садзіцца ў аўтобус. Для гэтага прадугледзелі спецыяльную выязную аўтаматычную прыступку. Яе вышыня 18 сантыметраў, што дапаможа дзіцяці, на думку спецыялістаў, без усялякіх намаганняў падняцца ў жоўты аўтобус.


Свой варыянт школьнага аўтобуса прапанавалі таксама і інжынеры завода ў Барысаве.


На палепшаных сядзеннях і індывідуальных рамянях бяспекі, напрыклад, на гэтым заводзе ў Барысаве канструктары вырашылі не спыняцца. Спецыяльна для школьнікаў у салоне аўтобуса ўсталявалі інтэрактыўны экран. Па дарозе ў школу яны змогуць не толькі глядзець забаўныя перадачы, алі і нават паўтараць хатняе заданне.


У аўтобусах 22 месцы. Зверху - спецыяльныя паліцы для партфеляў і рукзакоў. Яны зроблены так, каб партфелі ні ў якім разе не падалі ў салон. Таксама механікі прадугледзелі і так званую кнопку сувязі з вадзіцелем, каб школьнік змог загадзя сказаць, на якім прыпынку ён выходзіць.


Дабрачынны праект разлічаны на пяць гадоў. На яго ажыццяўленне ўжо выдаткавана амаль 200 мільярдаў рублёў. На думку спецыялістаў, гэтага хопіць як мінімум на 300 такіх сучасных аўтобусаў.