У ноч з 13 на 14 студзеня святкуем стары Новы год

13 января 2014

Гэта гістарычны феномен, які атрымаўся ў выніку змены летазлічэння. З-за разыходжання календароў мы адзначаем два Новыя гады - паводле старога і новага стыляў. Па традыцыі, напярэдадні старога Новага года праваслаўны рэабілітацыйны цэнтр запрасіў дзятву на навагодне-каляднае свята ля Дома Міласэрнасці. Песні, танцы, пачастункі і чароўнае з'яўленне Дзеда Мароза. Наталля Бардзілоўская назірала за навагоднімі цудамі.



Гэта замежны Санта-Клаус прылятае да дзяцей на чароўных аленях, а наш праваслаўны Дзед Мароз мае ўласны МІ-2, каб на працягу ўжо многіх гадоў прызямляцца на Каляды да Дома Міласэрнасці. У камандзе зімовага чараўніка не толькі Снягурка, але і кіраўнік аэраклуба ДТСААФ і ініцыятар гэтага свята - настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Фёдар Поўны.


Праваслаўная царква, гарадскія ўлады, прафесійныя і самадзейныя творчыя калектывы, навучальныя ўстановы Мінска і Дом Міласэрнасці ўжо больш за дзесяць гадоў у калядныя дні аб'ядноўваюцца, каб падарыць дзятве і іх бацькам, а гэта і шматдзетным семьям, і дзецям-сіротам, і дзецям-інвалідам, проста грамадзянам і праваслаўным прыхаджанам гэта вялікае свята!


Тэрыторыя праваслаўнага рэабілітацыйнага цэнтра на дзень ператварылася ў казачны дзіцячы гарадок з насельніцтвам каля дзвюх тысяч чалавек. Менавіта столькі ўдзельнікаў падлічылі на свяце. Многія - даўнія і добраахвотныя заўсёднікі гэтай каляднай штогадовай акцыі.


Імправізаванай пляцоўцы ля Дома Міласэрнасці маглі пазайздросціць лепшыя канцэртныя залы. Юных мінчан з Калядамі павіншавалі Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, народны ансамбль Церніца, артысты нацыянальнага цэнтра мастацтваў імя Мулявіна, лаўрэаты конкурсу Славянскі базар. Тут жа перасовачныя выставы: ад цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі да сярэдніх школ горада, што прэзентавалі гледачам свае вырабы і свае ўменні.


Частаванне кашай, каляднае вогнішча, народныя гулянні… А самае галоўнае,што адбылося на сёлетнім свяце, Дзед Мароз паабяцаў наладзіць сапраўднае надвор'е.