У нашых лясах актывізаваліся змеі

25 августа 2013
З пачатку лета пацярпелі 11 мінчан. Наколькі небяспечны ўкус беларускай гадзюкі - у рэпартажы Паліны Іванча.

У сталічную бальніцу хуткай дапамогі Алену прывезлі крыху больш за тыдзень таму. Дыягназ, кажучы мовай медыцынскіх даведак, - таксічнае дзеянне змяінай атруты, прасцей - укус гадзюкі.

Гэтым летам толькі ў таксікалагічным аддзяленні мінскай бальніцы хуткай дапамогі ад наступстваў змяіных укусаў ўжо вылечылі восем беларусаў. У большасці выпадкаў пацярпелыя збіралі грыбы і ягады ў лесе. Але ў прахалоднае надвор'е рэптыліі могуць запаўзаць нават у сады і агароды ў вёсках. Так што эколагі рэкамендуюць і на дачным участку скасіць высокую траву і хадзіць у гумовых ботах.

У Беларусі сустракаецца ўсяго тры тыпы змей: вуж, мядзянка і гадзюка. Для чалавека атрутная толькі гадзюка. Дарэчы, на адным квадратным кіламетры гэтых лясоў прыкладна 150 гэтых рэптылій. Але, як сцвярджаюць эколагі, гэтым летам змей больш не стала, проста беларусы часцей адпраўляюцца за горад.

Беларуская гадзюка, адчуваючы небяспеку, замірае, цалкам спадзяецца на сваю ахоўную афарбоўку. Яна, дарэчы, бывае карычневай і шэрай з малюнкам, а таксама чорнай.
Жывуць беларускія гадзюкі ў сярэднім 7-8 гадоў, яны абсалютна глухія і кідок робяць не далей чым на 20 сантыметраў. Нападаюць толькі ў крайнім выпадку, калі, напрыклад, наступіць ім на хвост. Так што самы просты спосаб прадухіліць небяспечную сустрэчу ўсім нам знаёмы яшчэ з дзяцінства: уважліва глядзець пад ногі.