У Мінскай вобласці выбралі лепшую сям'ю

27 августа 2014

Сёння ў Крупках прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу Сям'я года. Прадстаўнікі з пяці раёнаў вобласці на працягу чатырох гадзін дэманстравалі свае ўменні і таленты. Дарэчы, зараз у вобласці жыве 11 с паловай тысяч шматдзетных сем'яў. І гэтая лічба з кожным годам толькі павялічваецца. Надзея Сербіненка пазнаёмілася з самымі яркімі сем'ямі Мінскай вобласці.


Сёння ў Крупках сапраўдны сямейны фэст. На абласное свята прыехалі не толькі пераможцы адборачнага тура абласнога конкурсу, але і шматдзетныя таленавітыя бацькі з Крупскага раёна. З гэтай нагоды ў Доме культуры арганізавалі вернісаж твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


На конкурсе Сям'я года прадэманстраваны таксама працы майстроў Крупшчыны. Адна з самых яркіх экспазіцый - ад сям'і Кірпічовых. Вось такія невялікія кветкі зроблены майстрам са спецыяльнай гумы ці латэксу. Усё гэта - штучная фларыстыка.


Вышыўка, арыгамі, бісерапляценне. Кожная праца зробленая ў сем'ях, дзе ёсць як мінімум трое дзяцей. Сярод аўтараў і маці васьмі хлопчыкаў і дзяўчат з Крупак. Яе захапленне - штучныя кветкі з атласных стужак.


Асноўны тур конкурсу ўключае 3-хвілінны фільм-прэзентацыю сям'і і творчае прадстаўленне гісторыі роду. Ацэньвалі ўдзельнікаў прадстаўнікі Мінаблвыканкама. Дарэчы, зараз у рэгіёне станоўчая дэмаграфічная тэндэнцыя. Сёлета ў вобласці нарадзілася на 134 дзіцяці больш, чым летась.


Сям'я Талстыка прадстаўляе Вілейскі раён. Да падрыхтоўкі яны падышлі сур'ёзна і прафесійна. Акцэнт у сваёй праграме зрабілі на вакальныя даныя.


А сям'я Дабрыніных з Маладзечна зрабіла стаўку на відэаролікі. Галоўным генератарам ідэй стаў 11-класнік Яраслаў. У апошнія тыдні юнак сумяшчаў падрыхтоўку да конкурсу і паступленне на юрыдычны факультэт.


Прыз глядацкіх сімпатый і перамогу павезла з сабой сям'я Харланчукоў-Южаковых з Мінскага раёна. Менавіта яны і будуць прадстаўляць цэнтральны рэгіён на рэспубліканскім конкурсе Сям'я года, які пройдзе ў кастрычніку ў сталіцы.