У Мінскай вобласці з пачатку года створана больш за сто новых прадпрыемстваў. Дзякуючы гэтаму расце паказчык валавога рэгіянальнага прадукту. У асноўным прамыслоўцы і сярэдні бізнес імкнуцца працаваць бліжэй да сталіцы. Аднак сёння актыўна развіваюцца і аддаленыя раёны. Так у Крупках добрыя вынікі паказвае аграпрамысловы комплекс.
Аляксей Кандраценка даведаўся, каму даспадобы крупскія мясныя далікатэсы. Пра тое, што малочная і мясная жывёлагадоўля - справа выгадная, у гаспадарцы Кляновічы зразумелі даўно. Але яшчэ большы прыбытак дае глыбокая перапрацоўка сваёй жа сыравіны. Нядаўна тут з'явіўся новы мясаперапрацоўчы цэх. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню 24 тоны птушкі за суткі тут ператвараюцца ў далікатэсы і паўфабрыкаты.
Анжаліка Лобан, начальнік цэха мясаперапрацоўкі гаспадаркі Кляновічы: Наша прадпрыемства выпускае 80 найменняў. Шырокі спектр, туды ўваходзяць вараныя каўбасы і сасіскі, вяндліна, рулеты, вэнджаныя вырабы з мяса птушкі, а таксама сыравяленая прадукцыя.
Асноўныя спажыўцы - гэта Мінская і Віцебская вобласці. Але славутую беларускую якасць цэняць і суседзі. Ужо хутка першая партыя мясной прадукцыі з Крупак адправіцца ў Расію. Зрэшты, расіяне і не толькі паўгода як дэгустуюць адбіўныя і куры-грыль у вялікай прыдарожнай кавярні. Яе пабудавала гаспадарка як адзін з варыянтаў продажаў тавару.
Кожную гадзіну праязджаюць сотні і тысячы аўтамабілістаў, якім заўсёды трэба добра харчавацца. У кафэ на трасе М-1 дэфіцыту кліентаў ніколі няма. Для наведвальнікаў тут сэрвіс па прынцыпе ўсё ўключана.
Вольга Ермаловіч, намеснік дырэктара гаспадаркі Кляновічы: Кафэ можа прапанаваць 64 пасадачныя месцы, смачна паабедаць ці павячэраць, ёсць пакоі для адпачынку, дзе можна спыніцца на начлег. У сярэднім у нас выручка за дзень складае каля 10 мільёнаў рублёў.
Для Крупскага раёна гэты аграсезон ўдалы. За апошнія гады ўраджайнасць збожжавых тут павялічылася ўдвая. На ўздыме 2014-ы праходзіць і для Кляновічаў. Хутка ў гаспадарцы здадуць камбікормавы цэх, а таксама цэх па вытворчасці малака. Гэта не толькі звыш 20 дадатковых рабочых месцаў, але і новыя магчымасці для ўсяго раёна.














