У Мінскай вобласці пачалася нарыхтоўка бярозавага соку

20 марта 2015

За апошнія пяць гадоў яго аб'ём вырас удвая. Гэта значыць, попыт на гэты натуральны прадукт расце. Звычайна збіраць бярозавы сок у лясгасах вобласці пачынаюць напрыканцы сакавіка. Таму сёлетняя ранняя вясна і стабільна цёплае надвор'е спрыяе нарыхтоўшчыкам.

Надзея Сербіненка адправілася па бярозавы сок у смалявіцкія лясы.

Лесаруб Генадзь Леановіч працуе ў Смалявіцкім лясгасе ўжо шаснаццаць гадоў. Вопыт падказвае, у якой бярозе соку больш, а дзе яго пускаць нельга. Спецыяліст раіць піць бярозавы сок адразу з-пад дрэва. Так ён захоўвае ўсю прыродную карысць.

На дзялянцы амаль на тры гектары падсочана шэсцьсот бяроз. Выбіраюць дрэвы толькі ў прамежкавай лесапаласе і толькі тыя, якія потым можна будзе высечы. Рабіць адтуліну дазваляецца толькі на вышыні трыццаць пяць - пяцьдзясят сантыметраў ад зямлі. Надрэзаў можа быць як адзін, так і чатыры - у залежнасці ад шырыні ствала.

Выдае дазвол на нарыхтоўку соку мясцовы ляснічы. Андрэй Каўтовіч працуе ўжо дзесяць гадоў, таму ведае, як важна паспець сабраць бярозавую ваду да распускання першых пупышак. Спускаць сок самастойна забаронена. Але можна звярнуцца ў лясніцтва і набыць яго там. Кошт - даступны. Для тых, хто ігнаруе забарону, прадугледжаны штраф да трох з паловай мільёнаў рублёў.

Сёлета лясгасы вобласці плануюць сабраць сем з паловай тысяч тон бярозавага соку - на дзве з паловай тысячы больш, чым летась. Заяўку на такі аб'ём далі вытворцы, каб павялічыць экспарт напою.