У Мінскай вобласці ідзе пасадка садоў

4 ноября 2013
Яблыні, грушы, парэчкі і маліна - асноўны пасадачны матэрыял. Сёлета новымі фруктовымі плантацыямі ў цэнтральным рэгіёне засадзяць каля 300 гектараў.

Чаму садавіна не толькі карысная, але і выгадная справа і як правільна садзіць дрэва - ведае і Аляксандр Харавец.

Кацярына Касубская ў свае 20 з невялікім смеючыся называе сябе мужчынам у жаночым абліччы: частку народнай мудрасці - пасадзіць дрэва, выхаваць сына і пабудаваць дом - малады спецыяліст выканала і перавыканала. Толькі за адну гадзіну яна садзіць каля 2 соцень яблынь - за дзень больш чым тры тысячы. Вядома, у гэтым ёй дапамагаюць сучасныя тэхналогіі.

Да 190 гектараў фруктовых садоў сёлета ў гаспадарцы Усход далучаць яшчэ 20. Вырошчванне садавіны прыносіць аграрыям значныя дывідэнды. На адных толькі яблыках тут зарабілі амаль тры мільярды рублёў. І гэта з улікам таго, што сад пладаносіць толькі трэці год.

Поспех, антэй, весяліна, вербнае - усе гатункі, а іх больш за 30, айчыннай селекцыі. Усе дрэвы прыстасаваны да кліматычнах умоў Беларусі.

Cабраць першы ўраджай з гэтых яблынь можна ўжо ў наступным годзе. Пладаносяць дрэвы на працягу 2 дзесяцігоддзяў. Максімальная вышыня расліны не больш за два з паловай метры. Так што дацягнуцца да верхавіны і сарваць наліўны яблык можна нават стоячы на зямлі.

Пасадачны матэрыял вырошчваюць ва ўласным гадавальніку. Грушу, яблыню, сліву або парэчкі можна тут жа і набыць. Дарэчы, цэны ў параўнанні з рыначнымі - напалову ніжэйшыя.

Больш за 30 гаспадарак Мінскай вобласці маюць свае яблыневыя сады. Сёлета агульны кошык важыць пяць тысяч тон. У наступным годзе плошча садовых плантацый павялічыцца яшчэ на 300 гектараў.