У Мінску затрыманы дырэктар ЖЭСа

29 июля 2014
У Мінску затрыманы дырэктар ЖЭСа, які падазраецца ў эканамічных махінацыях. Як мяркуюць спецыялісты, схема злачынства была прыдумана год таму. Менавіта тады кіраўніцтву камунальнай службы пачалі паступаць штрафы за неналежнае ўтрыманне двароў. Выхад з сітуацыі кіраўнік прадпрыемства знайшоў у паэме Гогаля Мёртвыя душы. 46-гадовы мінчанін аформіў 2 чалавек на пасады дворнікаў, аднак за ўвесь час работнікі ні разу не выйшлі на працу.
Ганна Чыж-Літаш, прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Мінска: Новым супрацоўнікам не трэба было выконваць ускладзеныя на іх функцыі. Але і зарплаты ў канцы месяца яны не атрымлівалі. Так на адно месца была аформлена сястра дырэктара, якая працавала ў іншым месцы. Другую пасаду заняў яго знаёмы, якому патрэбен быў працоўны стаж, але працаваць ён не хацеў. У выніку ў канцы месяца дырэктар здымаў з банкаўскіх картак супрацоўнікаў зарплату. Аплачваў штрафы, а астатнія грошы пакідаў сабе.
Зараз мужчына затрыманы. У дачыненні да яго Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. У міліцыі ёсць здагадка, што за 10 гадоў працы на пасадзе кіраўніка ЖЭСа гэта не адзіная махінацыя. У найбліжэйшы час мужчына будзе зняты з пасады.