У Мінску востра стаіць пытанне замены старых ліфтаў

14 ноября 2013
Дарэчы, больш за чатыры тысячы пасажырскіх рухомых кабін выпрацавалі нарматыўны тэрмін у дваццаць пяць гадоў. Зараз гарадскія ўлады складаюць графік замены абсталявання. Але што самае цікавае: у апошні час ліфты, устаноўленыя, напрыклад, ўсяго год таму, новымі назваць ужо нельга. Прычым часцей за ўсё з-за нядбайнага выкарыстання жыхарамі...

Стан старых і адноўленых ліфтаў параўнала Надзея Сербіненка.

У гэтай шматпавярхоўцы, што на праспекце Ракасоўскага, зараз ідзе замена старых і небяспечных ліфтаў. Але ў некаторых пад'ездах кабіны, устаноўленыя ўсяго год таму, новымі назваць ужо нельга. Разбітае люстэрка, размаляваныя шчыты, пашкоджаная столь. Усё гэта - праяўленне вандалізму.

Варта зайсці ў суседні пад'езд і ўбачыць супрацьлеглую сітуацыю. Жыхары гэтага пад'езда самі сочаць за сваім ліфтам. Па-гаспадарску.

Дарэчы, падтрымліваць чысціню намнога больш танна, чым усталяваць новыя ліфты. Замена толькі кабіны каштуе амаль 20 мільёнаў рублёў, а поўнае абнаўленне пад'ёмнага абсталявання абыдзецца гарадскому бюджэту ў 320 мільёнаў.

Новыя ліфты адрозніваюцца ад састарэлых кардынальна. Найперш, гэта яго выгляд - кабіны выраблены з металу, аснашчаны энергазберагальным абсталяваннем і антывандальнымі кнопкамі.

У гэтым пад'ездзе мантаж новага лІфта - у самым разгары. Наша здымачная група паднялася амаль на дах будынка - ў сэрца ліфта - машыннае аддзяленне. Кабіну грузападымальнасцю ў 400 кілаграмаў перасоўвае энергазберагальны рухавік. А кантралюе працэс вось гэтая сучасная панэль кіравання.

Дарэчы, дыспетчарскія пункты таксама перажываюць змяненні. Усё больш ліфтаў злучаны з дыспетчарамі з дапамогай бесправадной мабільнай сувязі. У найбліжэйшых планах - перадача сігналу праз Інтэрнэт.

Максімальны тэрмін для вызвалення пасажыра - 45 хвілін. Дарэчы, дыспетчарскіх пунктаў у сталіцы дастаткова. Нават зашмат. Каб аптымізаваць іх працу, улады прапануюць адмовіцца ад будаўніцтва новых пунктаў і максімальна выкарыстоўваць магчымасці існуючых.