У Мінску і вобласці з’явяцца тавары з паметкай эка і бія.

23 апреля 2013

Экалагічна чыстыя прадукты харчавання, папулярныя за мяжой, з'явяцца і ў нас. Тым больш што ў наступным годзе ў Беларусі плануецца прыняць закон аб арганічным земляробстве.


 Ці гатовыя да яго фермеры і як пачаць аграбізнес з нуля, каб не прагарэць, пацікавіўся Аляксей Кандраценка.


Гэта не савана і не пустыня. Для афрыканскіх чорных страусаў другая радзіма Слуцкі раён. У фермерскай прыватнай гаспадарцы экзатычным істотам камфортна нават зімой. Уладзімір займаецца страусагадоўляй 6-ты год. Птушкі, гаворыць, непераборлівыя - ім бы звычайны корм і прастора. Праўда, ёсць і цяжкасці.


У гаспадарцы 100 страусаў. У гэтых афрыканскіх гігантаў каштоўнае і карыснае мяса. Дарэчы, яно не нашмат даражэйшае за мяса індыка - 120 тысяч рублёў за кілаграм.


Уладзімір Гуркін, уладальнік сялянска-фермерскай гаспадаркі: Нават калі ўзяць 50% выхад і палічыць, колькі вырасце страусянят, то да года яны вырастаюць да 100 кілаграмаў. З гэтай колькасці 30% - чыстае мяса. 


Плюс за сезон ад самкі страуса атрымліваюць да сотні яек. Такім 1,5-2-кілаграмовым прадуктам можна накарміць 10 чалавек.


Страусавае яйка менш каларыйнае, чым, напрыклад, курынае. У ім менш і халестэрыну. Пры гэтым яно багатае на амінакіслоты, вітаміны А, Е, фосфар, кальцый. Адным словам – карысны прадукт.


Гэта гаспадарка яшчэ і пярэстая кампанія з фазанаў, пеўняў, в'етнамскіх свінняў, авечак і горнага казла. Міні-заапарк на радасць сабе і турыстам.


Алена Цыбулька, кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі: Заяўкі ёсць. Вось ужо ў маі прыедуць пасля школы дзеці з Мінска - 80 чалавек. У нас ёсць альтанкі ў лясной зоне - людзі прыязджаюць, пікнікі ладзяць.


На сёння ў Мінскай вобласці сотні сялянска-фермерскіх гаспадарак. Іх прадукцыю ў магазінах або гіпермаркетах амаль не купіць. А попыт ёсць і немалы. У Еўропе любяць арганік фуд, праводзяць кірмашы, дзе яго можна набыць. З прыняццем закону аб арганічным земляробстве, упэўненыя аграрыі, беларускія бія- і экапрадукты стануць больш даступнымі.