У Мар'інай Горцы адкрыўся новы завод па выпуску марожанага.

21 июня 2013
Пачаставацца салодкім прадуктам, дарэчы, можна будзе не толькі дома, у чаргу за ласункам ужо выстраіліся партнёры з Расіі, Казахстана і Азербайджана.

Антаніна Станкевіч прадоўжыць салодкую тэму.


На прадпрыемтсве ўжо добрая традыцыя: раз на пяцігодку разам з калектывам, кіраўніцтвам і нават раённымі і абласнымі ўладамі радавацца глабальным змяненням. Пяць гадоў таму радаваліся набыццю новых ліній, якія значна пашырылі асартымент, а вось цяпер новы завод. І яшчэ адну традыцыю выканалі: абавязковую у такіх выпадках чырвоную стужку далоў.


Галоўны тэхнолаг прадпрыемства Таццяна Габрусева ўжо выношвае ледзь не тысячу ідэй на тэму смакаў, пахаў і аздаблення марожанага. Тым больш, што новае абсталяванне дазваляе фантазіі разгарнуцца бязмежна. Зараз тут актыўна працуюць над брэнд-лінейкай лёду з садавіны. За якасць Таццяна адказвае асабіста.


Уся сям'я Таццяны так ці інакш звязана з марожаным. Яна сама і ў найбліжэйшай будучыні сын-выпускнік будуць працаваць тут. Калега-канкурэнт муж ездзіць у сталіцу. Гэта біч бліжэйшага прысталічча - адток кадраў. І менавіта з'яўленне такіх прадпрыемстваў дапамагае вырашыць гэтую праблему.


Акрамя таго, экспартны патэнцыял прадпрыемтсва сёння як ніколі высокі. Усходні вектар тут адпрацавалі на ўсе сто, і зараз спрабуюць прасячы акно ў Еўропу. Тым больш, што абсталяванне дазваляе выношваць такія планы.


Такія ж прадпрыемствы, якія забяспечаць не толькі ад 50 да 100 новых высокааплатных рабочых месцаў, але і выпуск экспартнай прадукцыі, з'явяцца ва ўсіх райцэнтрах Мінскай вобласці. Прычым не па адным. Задача стаіць не менш за 10 у кожным горадзе.