У гэтыя дні ўсе дарогі каталіцкіх вернікаў вядуць у Будслаў

5 июля 2013

Да нацыянальнага санктуарыя, што ў Мядзельскім раёне, пілігрымы крочаць пешшу з усёй Беларусі. Ужо заўтра там адбудзецца галоўная урачыстасць ушанавання цудадзейнага абраза.


Пра тое, якой выдалася сёлетняя вандроўка да апякУнкі Беларусі, расказвае Аксана Шыдлоўская.


Ракаўскія вернікі сёння пяты дзень у дарозе. У кожнага з сабой у вузельчыку малітоўнік, пітная вада і парасон. А ў душы - нястомнае жаданне хутчэй прыйсці ў Будслаў, да Маці Божай, апякункі Беларусі.


Кіламетры паддаюцца ім з лёгкасцю. А прайсці трэба паўтары сотні. Пілігрымы са стажам ахвотна падбадзёрваюць і падтрымліваюць навічкоў. Спякота, дождж, мазалі - сапраўднаму пілігрыму нічога не павінна замінаць.



Па дарозе ў санктуарый абавязкова моляцца, разважаюць над Святым пісаннем і , канешне, спяваюць.


Прыпынкі робяць звычайна ў маляўнічых мясцінах. На гэты раз спыніліся на беразе Віліі. Тут можна перавесці дух і падсілкавацца. Дарэчы, кухня на колах суправаджае пілігрымаў увесь час. На свежым паветры апетыт добры нават у маленькай Веранічкі. Ёй толькі 11 месяцаў, а пілігрымка ўжо другая.


Калі спрыяе надвор'е, службу праводзяць пад адкрытым небам. Імправізаваны алтар упрыгожваюць палявымі духмянымі кветкамі. У малітвах гучыць падзяка Маці Божай Будслаўскай за благаславенне для ўсіх католікаў Беларусі, якое яна спасылае вось ужо чатыры стагоддзі.


Сёння ўвечары пілігрымы з усіх епархій Беларусі сустрэнуцца разам недалёка ад Будслава, каб урачыста ўвайсці ў велічную святыню і пакланіцца цудадзейнаму абразу. Дарэчы, прынесці ў санктуарый яго копію - тую, што вандравала па ўсіх прыходах краіны, выпаў гонар менавіта пілігрымам з Ракава. Дзясятая пілігрымка стане для іх удвая адметнай.