Адну з самых папулярных вуліц Мінска - Карла Маркса - пазбавілі гісторыі, але толькі на час. Знялі старажытную брусчатку. Да дарогі з векавой гісторыяй дацягнуліся камунікацыі гасцінічнага комплексу, які будуецца побач. На гэтым участку вядуцца рамонтныя работы пашырэння дыяметра цеплатрасы.
Якой была і якой будзе самая вядомая пешаходная вуліца беларускай сталіцы - высвятляла Маргарыта Манько.
Вольга Полаўцава памятае гэты дзень да дробязяў. 6 гадоў таму на гэтым месцы яна пазнаёмілася с будучым мужам. Для іх сям'і вуліца Карла Маркса стала асаблівай. Хутка пара святкуе першую гадавіну вяселля. Хацелася б ізноў прагуляцца тут у дзень нашага свята і ўспомніць як усё пачыналася, - прызнаецца дзяўчына.
Не толькі Вольга, але і ўсе мінчане ў здзіўленні. Няўжо брусчатка на Карла Маркса знікне назаўжды? Гэты брук на самай справе каштоўны. Яму налічваецца амаль стагоддзе. Каменныя дарогі-брукаванкі пачалі рабіць у Беларусі яшчэ ў 14 стагоддзі.
А яшчэ 10 гадоў таму ў Мінску можна было ўбачыць унікальны клінкерскі брук. Гэта дарога са спецыяльнай цэглы высокага абпалу. Па такой тэхналогіі была зроблена цэлая плошча перад тэатрам оперы і балета.
Зараз гістарычныя камяні можна ўбачыць толькі на Карла Маркса і ў Траецкім прадмесці. Спецыялісты абяцаюць, што гэтыя вуліцы не паўтораць лёс плошчаў.
Брусчатку ўжо ўкладваюць, і зусім хутка мінчане і госці сталіцы змогуць гуляць па гістарычнай дарозе. Спецыялісты абяцаюць, што ніводны камень падчас кладкі не будзе парушаны. Гэтым займаюцца кваліфікаваныя рабочыя.














