Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінскай вобласці скарачаюць тэрміны навучання

18 июня 2013

Пры гэтым якасць адукацыі ў каледжах і ліцэях не пагоршыцца, упэўніваюць спецыялісты. У той жа час у верасні ў рэгіёне адкрыюцца два новыя навучальныя цэнтры.


Дзе будуць рыхтаваць будаўнікоў па сучасных методыках - даведаўся Аляксей Кандраценка. Будучы плітачнік-тынкоўшчык Павел ўпэўнены ў сваіх сілах - з такой спецыяльнасцю ён заўсёды нарасхват. Зараз асвойвае новыя будматэрыялы і абсталяванне. У навучальным цэнтры - свежыя погляды на будаўнічую сферу. Дэкаратыўная тынкоўка, ўцяпляльнікі, фугі, герметыкі. У навучальным цэнтры на базе Барысаўскага будаўнічага ліцэя вучаць працаваць з усімі навінкамі рынку матэрыялаў. Перавага такога цэнтра ў тым, што сюды на перакваліфікацыю можа прыйсці ўжо дыпламаваны спецыяліст. Новыя веды і ўменні ніколі не лішнія. Пры жаданні можна асвоіць і прафесію печніка. Дарэчы, атрымаць кваліфікацыю ў рамонтна-будаўнічай галіне ў Барысаве можа літаральна кожны. Жадаеце самастойна клеіць шпалеры ці класці плітку і пры гэтым якасна? На дапамогу ідзе Барысаўскі будаўнічы ліцэй. Ужо з верасня тут адкрыецца школа рамонту. На платных вячэрніх курсах рамонтнікі-аматары становяцца хатнімі профі. Карысць і сабе, і суседзям.


Агульная ж тэндэнцыя новага навучальнага года ў прафтэхадукацыі вобласці - скарачэнне тэрмінаў навучання. На сёння ў прафесійных каледжах і ліцэях Мінскай вобласці можна атрымаць 45 спецыяльнасцяў і 90 кваліфікацый. Іх колькасць заўсёды змяняецца ў залежнасці ад попыту на рынку працы.