У кааператараў Мінскай вобласці сезон нарыхтовак лясной прадукцыі

24 Ліпеня 2014

Традыцыйна найбольшай папулярнасцю карыстаюцца грыбы і ягады. На сёння нарыхтоўшчыкі цэнтральнага рэгіёна прынялі ад насельніцтва 250 тон чарніц і больш за 10 тон лісічак. Як зарабляюць на лясной прадукцыі? Рэпартаж Аляксандра Хараўца.



Для Дзмітрыя ціхае паляванне - справа сямейная. У дзяцінстве грыбной мудрасці яго навучала бабуля. Сёння ў маладога чалавека свае сакрэты і любімыя грыбныя мясціны. Дзве гадзіны ранішняй прагулкі па лесе - гэта не толькі поўны кошык лісічак, але і нядрэнны заробак.


Здаць дары лесу і атрымаць грошы можна, не выходзячы з гушчару. На ўскрайку аматараў ціхага палявання з раніцы чакаюць нарыхтоўшчыкі. Толькі ў Вілейскім раёне мабільных пунктаў больш за 30. Грыбны сезон толькі пачынаецца, а вось ягадны ў самым разгары. Дзмітрый Ранецкі шосты год забірае ў насельніцтва лясны ўраджай.


Сёння кааператары купляюць чарніцы па 35 тысяч рублёў за кілаграм, лісічкі па 30.


Перш чым ягады або грыбы паступаюць на прылаўкі магазінаў, яны абавязкова праходзяць радыялагічны кантроль.


Пры дапамозе вось такога прыбора вымяраецца ўзровень радыяцыі ў грыбах і ягадах. Аналіз робіцца 20 хвілін. Норма для чарніц - 185 бекерэляў на кілаграм. У гэтых ягадах у шэсць разоў менш - каля 30 бекерэляў, таму іх можна смела есці.


Сёння ў вобласці каля тысячы нарыхтоўчых пунктаў. Кааператары прынялі ад насельніцтва больш за 10 тон грыбоў і каля 250 тон чарніц. Пятую частку лясной прадукцыі нарыхтавалі ў Вілейскім спажывецкім кааператыве.


Мікалай Новік, намеснік старшыні праўлення Вілейскага спажывецкага кааператыва: Летась мы зарабілі амаль 90 мільёнаў прыбытку. За межы рэспублікі, на экспарт сёлета плануем адправіць 60 тон і зарабіць не менш чым 80 мільёнаў рублёў.


І гэта толькі на ягадах. Беларускія грыбы таксама карыстаюцца попытам у краінах далёкага замежжа. Галоўнае - каб надвор'е спрыяла. Тады і грыбнікі, і кааператары ды і самі спажыўцы будуць задаволеныя.