Цеплалюбівыя насельнікі заапарка рыхтуюцца да пераезду

17 июля 2014

Цеплалюбівыя насельнікі сталічнага заапарка рыхтуюцца да пераезду ў новыя кватэры. Будаўніцтва экзатарыума падыходзіць да завяршэння. На плошчы ў паўтары тысячы квадратных метраў будуць пражываць амаль 70 відаў. У асноўным - прадстаўнікі паўднёва-амерыканскай фаўны. Адным з першых жыллё для анаконды, піранні і пумы ацаніў і наш карэспандэнт Аляксандр Харавец.






Мікалай Манько, хоць і будаўнік па прафесіі, аднак пра жывёлу ведае не менш, чым заолаг. Што ядуць, як спяць і колькі патрэбна сонечнага святла. Для кожнага прадстаўніка фаўны ствараюць асаблівыя ўмовы. Прараб прызнаецца, за час будаўніцтва экзатарыума атрымаў яшчэ адну дадатковую спецыяльнасць. Дарэчы, любімая жывёліна ў Мікалая - пума. Пра яе вальер гатовы расказваць гадзінамі.


Вялікі зашклёны трапічны павільён дыяметрам 36 метраў і вышынёй 14 будуюць паводле арыгінальнага праекта. У экзатычным доме для жывёлы размецяцца два басейны, штучны вадаспад, дэкаратыўная скала і шматлікія акварыумы. Дарэчы, шкляное жыллё для вадаплаўных будаўнікі зрабілі самі.


Тэмпературны рэжым і вільготнасць у экзатарыуме будуць максімальна набліжаны да тропікаў. Тут жа высадзяць экзатычныя расліны, у штучныя вадаёмы запусцяць чарапах, піранняў і нават самую небяспечную змяю - анаконду. У дэкаратыўных скалах з'явяцца кажаны, а на беразе штучнага возера паселяцца фламінга.


У новыя кватэры жывёлы сталічнага заапарка пераедуць ўжо восенню. На плошчы паўтары тысячы квадратных метраў будуць пражываць амаль 70 відаў. У асноўным гэта прадстаўнікі фаўны Паўднёвай Амерыкі.


Пераезду ўжо чакаюць капібар, ягуары, тапір, экзатычныя рыбы і рэптыліі. А першымі экзатарыум аблюбавалі беларускія буслы.


Адкрыццё экзатарыума дазволіць пашырыць разнастайнасць і колькасць насельнікаў сталічнага заапарка. У перспектыве - узвядзенне жылля для пінгвінаў.