Свята-Уваскрэсенскі сабор у Барысаве зноў прыме прыхаджан

4 января 2014

Адзіны кафедральны сабор у Мінскай вобласці - Свята-Уваскрэсенскі ў Барысаве - пасля сямігадовага аднаўлення зноў прыме прыхаджан. У панядзелак, 6 студзеня, напярэдадні Раства епіскап Барысаўскі Веніямін правядзе чын малога асвячэння. Пасля ў храме зноў пачнуцца набажэнствы.


Алена Борматава - пра гісторыю храма. Свята-Уваскрэсенскі кафедральны сабор Барысава - у спісе нацыянальных каштоўнасцяў Беларусі. Храму сёлета 140. Яго ўзводзілі ў стылі старажытнага хрысціянскага праваслаўнага храма. Работы курыраваў інжынер з Пецярбурга Пётр Мяркулаў, паводле яго праекта ўзводзіліся даходныя дамы ў горадзе на Няве.


Сабор перажыў і першую сусветную, і рэвалюцыю. Бальшавікі канфіскавалі ўсе царкоўныя каштоўнасці. Нават сёння сляды барысаўскіх рэліквій не знаходзяцца. Савецкія ўлады закрылі храм яшчэ да вайны. Дакладная дата не вядомая, але ўжо ў 38-м богаслужэнні тут не праводзіліся. Крыжы спілавалі, алтар засыпалі збожжам. Званіца стала месцам трэніровак для парашутыстаў.


Толькі ў 1988 у Свята-Уваскрэсенскі сабор прыбыў святар Іван Місяюк. Ён быў благачынным Барысаўскай акругі, куды ўваходзілі ажно тры раёны Мінскай вобласці: апроч Барысаўскага, - Крупскі і Бярэзінскі. Пры ім адрадзіліся дзясяткі прыходаў. Сёння айцец Іаан - ганаровы настаяцель Свята-Уваскрэсенскага сабора і найстарэйшы клірык Мінскай епархіі. Яму - амаль 90.


Сем гадоў таму сабор закрылі на рэстаўрацыю. У фундаменце і сценах з'явіліся трэшчыны. Работы па аднаўленні храма былі ўключаны ў рэспубліканскую інвестыцыйную праграму. Увесь гэты час вернікі прыходзілі ў дамавую царкву Аляксандра Неўскага.