Сталічны заапарк папоўніўся новымі жыхарамі

2 декабря 2013

Лама, высакародны алень, сойкі і фазаны. Сталічны заапарк папоўніўся новымі жыхарамі. Ліпецкую прапіску змянілі на мінскую і пара муфлонаў, чорны лебедзь, японскі журавель. Беларускі клімат не надта напужаў навасельцаў. Але некаторым жывёлам усё ж такі патрэбны час на адаптацыю. Таму пакуль гараджанам і гасцям сталіцы ўбачыць усіх навасельцаў заапарка не атрымаецца.


Таццяна Ільясава-Конанава, малодшы навуковы супрацоўнік Мінскага заапарка: Адчуваюць яны сябе нармальна, але, на жаль, можна ўбачыць іх не ўсіх. Некаторыя знаходзяцца на каранціне ў цёплых памяшканнях. Парнакапытных жывёл можна паглядзець. А жураўлі, напрыклад, не пераносяць нашы халады, таму ўбачыць іх можна будзе толькі вясной. Лебедзя - таксама толькі вясной.


У найбліжэйшы час сталічны заапарк набудзе і прадстаўнікоў паўднёва-амерыканскіх жывёл. Яны паселяцца ў экзатарыуме, будаўніцтва якога падыходзіць да завяршэння. У новабудоўлю заедуць малпы, папугаі ара, некаторыя рэптыліі.