Сталічны запас на зіму падрыхтаваны

12 ноября 2014

У Мінску завяршаецца закладка стабілізацыйнага фонду харчовых тавараў. Сховішчы з бульбай, морквай, капустай і буракамі запоўненыя зараз спаўна. Асаблівы акцэнт сёлета - на захаванні яблыкаў. У сталіцы адкрылі новае сучаснае сховішча. А вось закладка свініны і ялавічыны пакуль у працэсе. Запасы на зіму яшчэ папаўняюць да 15 лістапада. Больш падрабязна пра асартымент у сталічных стабфондах у сюжэце Наталлі Кезік.


Тут ля складоў з халадзільнікамі ўжо не сустрэнеш машын на адгрузку - закладку гародніны на гэтую зіму ўжо завяршылі. Больш за тое, новы ўраджай штодня машыны развозяць у сталічныя магазіны.


Унутры кожнага кантэйнера свой мікраклімат. Зараз тут актыўна працуе халадзільнае абсталяванне. З надыходам зімы ў памяшканнях, напрыклад, з бульбай будуць працаваць вентылятары, каб падтрымліваць невялікі плюс. Прадукцыю з розных гаспадарак закладваюць у асобных памяшканнях - так спецыялісты вывучаюць умовы захавання розных сартоў агародніны.


Сёлета ў сталіцы з'явілася яшчэ адно сховішча для яблыкаў. Разлічанае яно на паўтары тысячы тон і аснашчанае газавым абсталяваннем, якое дазволіць захаваць плады нават да лета.


Яблыкі ўвогуле самыя капрызныя ў захаванні. Сёлета для горада іх нарыхтавалі больш за 6 тысяч тон. Зараз штодня са стабілізацыйнага фонду ў магазіны адгружаюць 10 тон сакавітых пладоў.


Мясныя запасы штодня актыўна папаўняюць. Закладку на зіму свініны і ялавічыны завершаць да 15 лістапада. У стабілізацыйных фондах двух гарадскіх холадакамбінатаў нарыхтуюць 1 тысячу тон свініны і 200 тон ялавічыны.


Гародніну са сховішчаў рэалізуюць да лета. Разам з тым ужо зараз спецыялісты плануюць наступны год - да 1 снежня неабходна заключыць дагаворы з фермерскімі гаспадаркамі і ўзгадніць аб'ёмы закладкі гародніны на наступную зіму.