Cталічныя шынамантажы запаланілі аўтаўладальнікі

22 октября 2014
Дарэчы, з гэтай нагоды Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае: не трэба чакаць маразоў, каб замяніць летнія пакрышкі на зімовыя. Лепш зрабіць гэта ў найбліжэйшыя дні і такім чынам пазбегнуць магчымых дарожных здарэнняў. Сталічныя шынамантажы пачалі працаваць у рэжыме нон-стоп. Колькі часу прыйдзецца прастаяць у чарзе, каб пераабуць аўто да зімы, ведае Аляксандр Харавец.
Cталічныя шынамантажы літаральна запаланілі аўтаўладальнікі, якія хочуць пераабуцца на зіму. Хтосьці эканоміць час і нервы, хтосьці прыслухаўся да парад дзяржаўтаінспектараў.

Ужо зараз на сталічных шынамантажах у чэргах стаяць па 10-15 аўто, незалежна ад часу дня. З улікам таго, што на пераабуванне адной машыны ў сярэднім патрабуецца паўгадзіны, прыкладна дзве гадзіны прыйдзецца пачакаць. І гэта толькі пачатак, запэўніваюць спецыялісты. Што тычыцца цэн, дык у Мінску сёння яны прымальныя.


Спецыялісты нагадваюць: не трэба чакаць першых замаразкаў і снегу. Змяніць шыны трэба ўжо зараз. Гэта дапаможа пазбегнуць дробных аварый, а значыць, зэканоміць сродкі і час. Тым больш што рамонт аўто сёння - нятанны.


Вядома, зімовыя пакрышкі каштуюць некалькі даражэй за летнія. Аднак практыка паказвае: купля зімовых шын усё ж таннейшая за рамонт машыны, якая на абледзянелай дарозе можа павесці сябе непрадказальна.


Пра тое, што патрэбна пераабуць машыны ў зімовыя шыны, сёння нагадала нават надвор'е: у сталіцы выпаў першы снег. І хаця зімовыя ападкі праблем для аўтамабілістаў не стварылі, аднак сіноптыкі ў найбліжэйшыя дні прагназуюць замаразкі і галалёдзіцу на дарогах.