Сталічныя байкеры сталі героямі

13 июня 2014

Яны выратавалі маленькае кацяня прама з-пад колаў трамвая. А паміж тым, ратаваць іншых - не толькі іх прызванне, але і прафесія: хлопец і дзяўчына працуюць вадзіцелямі хуткай дапамогі.


З добрымі байкерамі бліжэй пазнаёмілася Антаніна Станкевіч.


Байкеры Ліра і Болт - менавіта пад такімі мянушкамі маладыя людзі добра вядомыя ў сталічным байкерскім асяроддзі (гэтак жа прасілі іх называць і ў эфіры) нечакана сталі героямі апошняга тыдня. Дзякуючы ім вось гэтае маленькае кацяня - Аўрора - знойдзе новых гаспадароў, а не загіне пад коламі трамвая.


Байкеры ўспамінаюць: гэта быў звычайны дзень. Яны вярталіся з работы, калі нечакана ўбачылі кацяня на дарозе. Адказ на пытанне што рабіць? знайшоўся адразу ж: байкеры перакрылі рух аўто, каб кот змог дабегчы да тратуара. Але жывеліна вырашыла схавацца пад трамваем. Вымалі яе адтуль, як кажуць, усёй грамадой.


Нечакана гісторыя атрымала рэзананс, а байкеры Ліра і Болт адразу ж сталі героямі. Хоць Аўрора - не адзінае выратаванае кацяня. Чатырохлапыя перыядычна з'яўляюцца ў гэтай кватэры. Але пастаянную прапіску не атрымліваюць: свой гадаванец у маладых людзей ўжо есць. Астатніх жывелін уладкоўваюць у добрыя рукі.


Дапамагаць іншым, дарэчы, не толькі прызванне, але і прафесія. Маладыя людзі працуюць вадзіцелямі хуткай дапамогі. Такім чынам, эпатажная знешнасць не адмаўляе добрага сэрца.