Станцыю метро Малінаўка пакуль не адкрыюць

18 июня 2013

Узводзіць падземны тунэль будаўнікам перашкаджае грунтовая вада.


Наш карэспандэнт Наталля Кезік пабывала ў тунэлі будучай станцыі.

Такога патопу ў тунэлі Пётр Мікалаевіч не бачыў ні на адной з дваццаці васьмі станцый. Падземная вада значна ўскладніла жыццё не толькі будаўнікам, але і жыхарам горада. Здача станцыі Малінаўка затрымліваецца. Больш за тое, каб не дапусціць абвалу грунту, было прынята рашэнне перакрыць для руху грамадскага транспарту частку праспекта Дзяржынскага.

Метрабудаўнікі зараз працуюць у тунэлі ў тры змены. І за суткі яны могуць прайсці толькі адзін метр. Моцны прыток вады вымывае грунт і сцены будучай станцыі метро. Тым не менш, будаўнікі ўжо ўзвялі другі вестыбюль станцыі і зараз збіраюць пасажырскую платформу.


Тым часам у архітэктараў ужо ёсць канчатковы праект Малінаўкі. Інтэр'ер у светла-зялёным і, натуральна, малінавым колерах. У цэнтры - вялікія калоны. Дарэчы, даўжыня гэтай станцыі зменшана на некалькі метраў. Такім чынам пасажырам трэба будзе зрабіць менш крокаў ад кас да вагона цягніка.

Супрацоўнікі метрапалітэна чакаюць адкрыцця станцыі Малінаўка. Яна б крыху разгрузіла вагоны на канцавых прыпынках. Апошнім часам колькасць пасажыраў на першай лініі падземкі значна павялічылася. Самая папулярная ў гараджан станцыя Плошча Якуба Коласа - штодзень амаль 66 тысяч пасажыраў і 517 тысяч на ўсёй лініі. Таму прынята рашэнне перад адкрыццём новай станцыі паменшыць інтэрвал руху цягнікоў на 15 секунд і закупіць пяць дадатковых саставаў.


Тым часам хутка павінна стартаваць і будаўніцтва трэцяй веткі метрапалітэна. Падрыхтоўчыя работы пачнуцца праз некалькі месяцаў. Для праходкі тунэляў гарадскія ўлады абяцалі набыць аўтаматызаваную машыну. Тады чатыры станцыі трэцяй веткі адкрыюцца без спазненняў у 2017 годзе.