Станцыя метро Малінаўка прыме першых пасажыраў 9 мая наступнага года

12 сентября 2013
Пра гэта паведаміў мэр сталіцы Мікалай Ладуцька.
Будаўнікі робяць усё магчымае, каб паспець да гэтага тэріміну. Аднак ёсць сур'ёзная перашкода: моцныя грунтавыя воды. З пункту гледжання геалогіі гэта адзін з найбольш складаных участкаў за ўвесь перыяд будаўніцтва метро ў Мінску.

З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся праходчыкі, ведае Наталля Тарасюк.

Калі раней будаўнікі за суткі праходзілі па 3-4 метры ўглыб, то ўмовы на будучай станцыі метро Малінаўка дазваляюць рушыць наперад толькі на адзін метр. І гэта нягледзячы на тое што ў тунэлі на праходцы кожны дзень працуюць па 10 чалавек. Прычым у тры змены.
Гэта самы складаны ўчастак за ўсю гісторыю будаўніцтва метро ў Мінску. Прыток вады ў тунэль вельмі моцны. Яе ўзровень месцамі перавышае 50 сантыметраў.

Аляксандр Кудзелка, начальнік КУП Мінскметрабуд: У працэсе выканання работ па праходцы тунэляў тыя інжынерна-геалагічныя ўмовы, якія былі прадугледжаны праекціроўшчыкамі, не пацвердзіліся. Вельмі вялікі прыток грунтавых вод, што паўплывала на тэрміны будаўніцтва тунэляў.

Нагадала пра сябе рэчка, якую падчас будаўніцтва праспекта Дзяржынскага проста засыпалі.

Працягласць гэтага тунэля складае амаль 800 метраў. Будаўнікі сцвярджаюць, што з такой колькасцю вады сутыкнуліся ўпершыню. Таму дзень і ноч тут працуюць яшчэ і 4 спецыяльныя водазаборныя станцыі.


Акрамя цяжкіх геалагічных умоў, Мінскметрабуд сутыкнуўся і з праблемай недахопу рабочых кадраў. Зараз прадпрыемству патрэбна каля двухсот рабочых. У асноўным гэта маналітчыкі, бетоншчыкі, цесляры і арматуршчыкі. Задзейнічаць у будаўніцтве станцыі плануюць і спецыялістаў з субпадрадных арганізацый горада. Усе
гэтыя акалічнасці і паўплывалі на рашэнне сталічных уладаў перанесці тэрмін уводу Малінаўкі ў эксплуатацыю. Таму першых пасажыраў станцыя прыме не раней за май наступнага года.

Пасля заканчэння праходкі спецыялісты пачнуць дэмантаж шчытоў. Потым паступова пачнуць навядзенне парадку ў саміх тунэлях. І толькі пасля ўсяго гэтага можна будзе пачаць укладку рэек.

Што да будаўніцтва трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна, то архітэктурны праект існуе для чатырох новых станцый: Юбілейнай, Клары Цэткін, Вакзальнай і Жукоўскага - менавіта так будучыя станцыі фігуруюць у афіцыйных праектных дакументах.

Аляксандр Кудзелка, начальнік КУП Мінскметрабуд: Недзе напрыканцы верасня - пачатку кастрычніка мы пачнём займацца зносам тых пабудоў, якія трапляюць у зону будаўніцтва, перакладваннем сетак.

У Мінскметрабудзе паведамілі: у будучыні пры будаўніцтве новых станцый метро будуць выкарыстоўваць механізаваны шчыт. Ужо аб'яўлены тэндар на яго набыццё.