Ратавальнікі Мінскай вобласці правяраюць гатоўнасць жылога фонду да ацяпляльнага сезона

4 сентября 2014
Асаблівую ўвагу спецыялісты МНС надаюць дамам з пячным ацяпленнем. Сёлета ў вобласці адбылося каля тысячы пажараў. З надыходам халадоў пячное абсталяванне выкарыстоўваюць больш інтэнсіўна. Менавіта яго няспраўнасць часта становіцца прычынай пажараў.

Аляксандр Харавец даведаўся, як засцерагчы ад небяспекі сваё жыллё зімой.

Выключальнікі, газавыя пліты, праводка і, безумоўна, печ. Ратавальнікі правяраюць практычна кожны сантыметр у доме Марыі Ган. Нягледзячы на сталы ўзрост, у жанчыны, якая жыве адна, усё ў ідэальным стане. Не хапае хіба што пажарнага апавяшчальніка. Гэты прыбор супрацоўнікі МНС адразу ж і ўсталявалі.

Падрыхтавацца да ацяпляльнага сезона Дар'і Сучкевіч таксама дапамаглі дзеці. Ачысцілі комін ад сажы, адрамантавалі кацёл і замянілі чыгунную пліту. Зараз засталіся толькі касметычныя работы - атынкаваць і пабяліць.

Асноўная прычына пажараў у дамах з пячным ацяпленнем - няправільная эксплуатацыя. Нядбайныя жыхары забываюцца пра тое, што паліць печ можна не больш чым дзве гадзіны. Акрамя гэтага, не надаюць адпаведнага значэння і шчылінам на коміне.

Вось так у ідэале павінна выглядаць печка. Чыстая, роўная, няма шчылін, дзверы зачыняюцца шчыльна, на падлозе металічны ліст. Яго памер 50 сантыметраў у шырыню і 70 у даўжыню.

Сёлета ў вобласці адбылася амаль тысяча пажараў. Пятая частка - у дамах з пячным ацяпленнем, таму супрацоўнікі МНС абяцаюць праверыць кожны дом з печкай і прадухіліць магчымае ўзгаранне.