З пачатку года ў сталічным рэгіёне патанулі 22 чалавекі, яшчэ 37 удалося выратаваць. Каб прадухіліць няшчасныя выпадкі, МНС праводзіць шэраг мерапрыемстваў. Сёння, напрыклад, ратавальнікі Дзяржынска правялі паказальныя вучэнні для дзяцей.
Расказвае Антаніна Станкевіч.
Ратавальнік Дзмітрый як раз з тых, пра каго кажуць: і ў агонь і ў ваду. Але на гэты раз выконвае ролю плыўца, які раптам зразумеў, што сіл даплыць самастойна да берага не хапае. На шчасце, ратавальнікі паспелі своечасова.
Калега Дзмітрыя Арсеній прызнаецца: даплыць своечасова - гэта толькі палова справы, бо ў рэальным выпадку чалавек, які панікуе, можа нашкодзіць як самому сябе, так і ратавальніку. А таму выцягваць чалавека з вады - цэлая навука і мастацтва адначасова.
Далей за справу бярэцца медыцынская брыгада. Урач-рэаніматолаг і фельдчар хуткай дапамогі праводзяць усе неабходныя маніпуляцыі. І калі магчыма - высвятляюць усе абставіны здарэння.
Спецыялісты толькі рукамі разводзяць: алкаголь - проста біч ратавальнікаў. Абсалютная большасць пацярпелых ужывалі алкаголь. І кожны год ратавальнікі не стамляюцца паўтараць адное і тое ж: вада і саракаградусныя напоі - несумяшчальныя рэчы.
За дзеяннямі ратавальнікаў і ўрачоў назіраюць дзеці розных узростаў. А пасля яны атрымліваюць майстар-клас ад урачоў. Больш-менш дасканалае валоданне прыёмамі рэанімацыі і сапраўды можа выратаваць жыццё.
З пачатку года ў сталічным рэгіёне патанулі 22 чалавекі, яшчэ 37 удалося выратаваць. Але купальны сезон працягваецца, таму агонь, ваду і нават медныя трубы ратавальнікам прыйдзецца прайсці яшчэ не раз.














