Сорак дзён для малітвы, пакаяння і духоўнага ачышчэння

3 марта 2014

Сёння ў праваслаўных вернікаў пачынаецца Вялікі пост. Рыхтавацца да яго хрысціяне пачалі загадзя. Паступова адмаўляліся ад мясных страў і рыхтавалі ўласныя пастановы. Дарэчы, завершыцца Вялікі пост Перадвелікодным тыднем і нядзеляй Уваскрэсення Хрыстова. Аб традыцыях і біблейскіх канонах Аляксандра Драгун.



Сёння пачынаецца Вялікі пост - самы доўгі і строгі ў Праваслаўнай царкве. 40 дзён вернікі будуць рыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята - Вялікадня. Падчас посту ў храмах ідуць асабліва працяглыя набажэнствы, чытаюць велікапосныя малітвы, ва ўборах святароў і дыяканаў пераважаюць цёмныя колеры.


Такім чынам увесь праваслаўны свет знаходзіцца ў смутку і журбе. За тыдзень перад Вялікім постам вернікі выключылі з меню мяса. Цяпер ўвогуле адмовіліся ад малочных і рыбных страў. Узамен на нішчымным стале павінны з'явіцца грыбы, арэхі, садавіна, агародніна і морапрадукты.


Яўген Свідзерскі, протаіерэй Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора: Чалавек такім чынам рыхтуецца да посту, каб ён быў ні стрэсам, а каб чалавек паступова падышоў да той меры посту, да якой ён быў бы гатовы фізічна і духоўна.


Безумоўна, без малітвы і шчырага пакаяння пост не мае сэнсу. Яго галоўная сутнасць - у духоўным ачышчэнні. За сорак дзён кожны чалавек павінен прытрымлівацца ўласных пастаноў і ўзняцца над сваімі слабасцямі.


Што тычыцца асабістых свят накшталт дня нараджэння, юбілею, хрэсьбінаў, то адзначаць іх дазволена толькі пасля размовы са святаром.


Яўген Свідзерскі, протаіерэй Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора: Гэта такое інтымнае пытанне, якое павінна вырашацца толькі сам-насам са свяшчэннікам. Таму што ўніверсальнай формулы няма.


Яшчэ адзін тыдзень - Перадвелікодны - таксама лічыцца самым строгім. Ён не адносіцца да Вялікага посту, але падчас яго праваслаўныя вернікі ўспамінаюць апошнія дні зямнога жыцця Ісуса Хрыста.


Першыя звесткі аб саракадзённым посце датуюцца 3-4 стагоддзямі. Кожны год Вялікдзень, а адпаведна і Вялікі пост, могуць выпадаць на розныя даты календара. Сёлета ж Уваскрэсенне Хрыстова праваслаўныя вернікі адзначаць 20 красавіка, дарэчы, разам з католікамі.