Чмяліны бізнес развіваецца ў Мінскім раёне

20 октября 2014
Развядзенне чмялёў (насякомых, якія апыляюць сельскагаспадарчыя культуры) стала прыбытковай справай для аднаго з агракамбінатаў. Рэнтабельнасць ад такога бізнесу перавышае сто працэнтаў. Гэта і паспяховы імпартазамяшчальны праект, бо раней чмялёў куплялі ў Бельгіі, Ізраілі і Нідэрландах. А зараз касматых насякомых хапае нават для продажу суседнім гаспадаркам.

Падрабязнасці чмялінага бізнэсу ў сюжэце Надзеі Сербіненкі.

Іван Клімко прысвяціў працы з чмялямі пяць гадоў. Нават вострае джала насякомых чмелявода не палохае. У параўнанні, напрыклад, з пчоламі, чмялі даволі дружалюбныя. Любяць цішыню і спакой. У лабараторыі, дзе іх разводзяць ужо больш за дзесяць гадоў, заўсёды гараць чырвоныя лямпы. Пры такім асвятленні чмялі дрэнна бачаць і не джаляцца.


Гэтая лабараторыя па вырошчванні чмялёў адзіная ў краіне. Таму свае тэхналогіі тут трымаюць у сакрэце. Прадукцыйнасць - дзве с паловай тысячы сем'яў за год. Дзякуючы такім аб'ёмам агракамбінат здольны забяспечыць не толькі свае цяпліцы. Касматых насякомых прадаюць іншым парніковым гаспадаркам рэгіёна.


Раней чмялёў куплялі за мяжой. Потым у агракамбінаце вынайшлі сваю тэхналогію іх развядзення. Спецыялісты распрацавалі апаратуру, якая аднаўляе мікраклімат, створаны самой прыродай. Таму зараз чмяліныя сям'і амаль круглы год занятыя апыленнем таматаў.


Работу чмялёў тут, у цяпліцы, дзе растуць таматы, вельмі цэняць, бо ўсяго чатыры чмяліныя сям'і апыляюць цэлы гектар таматаў. І дзякуючы іх намаганням памідоры набываюць правільную форму, вагу і добры смак.


У цяпліцы чмялі працуюць з самай раніцы да позняй ночы. Жывуць яны ў невялікіх скрынках. Вата знутры невыпадкова. Чмялі любяць жыць у цяпле.


Развядзенне чмялёў вырашае адразу некалькі пытанняў. Па-першае, гэта выдатны спосаб значна павысіць ураджайнасць таматаў, перцаў і агуркоў. А па-другое, гэта адзін з прыкладаў імпартазамяшчэння з высокай рэнтабельнасцю вытворчасці. Таму ў наступным годзе агракамбінат плануе пабудаваць новую чмяліную лабараторыю і пастаўляць насекомых на экспарт.