Семярых грыбнікоў шукаюць у лясах Мінскай вобласці

9 сентября 2014

А 8 чалавек з дыягназам грыбное атручванне трапілі на бальнічныя ложкі. Такі грыбны ўраджай сабраў за першы восеньскі тыдзень цэнтральны рэгіён і сталіца. Амаль кожны дзень людзі губляюцца ў лесе, а грыбная вячэра прыводзіць да атручвання.


Плюсы і мінусы грыбнога ажыятажу - у сюжэце Марыны Мураўёвай. Грыбны бум - менавіта так называюць пачатак верасня жыхары Пухавіцкага раёна. 95 гектараў лясоў даўно не выклікалі такога ажыятажу, як сёлета. З пустымі кошыкамі ніхто не вяртаецца.


Грыбная хваля накрыла Мінскую вобласць пасля працяглых дажджоў і маладога бабінага лета, якое пануе зараз. У лес прыязджаюць на машынах, веласіпедах, прыходзяць пешшу з суседніх вёсак. Некаторыя наведваюць лес два разы на дзень.


Нават у незнаёмым лесе грыбное месца знайсці нескладана. Махавічкі, падасінавікі і баравікі ў такое лагоднае надвор'е ўпадабалі нізіны сярод маладых дрэўцаў. Што датычыцца белых грыбоў, сёлета верасень, як ніколі, багаты на іх ураджай.


Акрамя задавальнення, лясны праменад можа прынесці і грошы. Лішкі лясных дароў прымаюць у нарыхтоўчых пунктах. Высакародны баравік - па 50 000 - 80 000 за кілаграм. Лісічкі - па 25 000. А падбярозавікі, падасінавікі і апенькі - ад сямі тысяч рублёў.


А медыкі ў сваю чаргу папярэджваюць: незнаёмы грыб класці ў кошык не трэба. Толькі за першы восеньскі тыдзень з грыбным атручваннем у сталічную рэанімацыю хуткай паступілі 8 чалавек.


Захапляцца грыбнымі вандроўкамі ў незнаёмых месцах таксама не варта. Штогод у Мінскай вобласці губляюцца каля дзвюх з паловай тысяч людзей. Толькі ў гэтым сезоне заблукалі сорак грыбнікоў. Палову знайшлі своечасова. Семярых людзей дагэтуль працягваюць шукаць.


А тым часам грыбны сезон працягваецца. Ды і нябесная канцылярыя пасуе планам грыбнікоў. Да канца месяца ў Мінскай вобласці будзе панаваць цёплае надвор'е.