Сельская гаспадарка Мінскай вобласці арыентуецца на стварэнне аграхолдынгаў

9 апреля 2014
Менавіта яны, падлічылі спецыялісты, даюць максімальны эканамічны эфект. Так, адзін з найбуйнейшых аграхолдынгаў сёлета з'явіцца ў Лагойскім раёне. Дарэчы, тут ужо на ўсю моц ідзе пасадка бульбы. Дзе другі хлеб не проста ўсяму галава, а крыніца вялікіх прыбыткаў? Аляксей Кандраценка пабываў у фермерскай гаспадарцы заўтрашняга дня.

Тэмпература ў норме, пульс стабільны. У фермера Уладзіміра Адамовіча пад рукой заўсёды тэрмометры. Так вопытны аграрый дае дакладны дыягназ бульбяному полю: 8 градусаў у першай дэкадзе красавіка - зручны час для пасадкі караняплодаў.


Уладзімір Адамовіч, кіраўнік фермерскай гаспадаркі: Па вопыце я заўважыў, што пры пасадках, якія праходзілі пасля 9 мая, ураджай падаў на 50%. Гэта значыць, пазней садзіш - палову ўраджаю страчваеш. Калі раней пасадзіш, нічога страшнага. Няхай тыдзень праляжыць у зямлі і пазней пачне расці, але галоўнае - ураджай будзе большы.


На 700 гектарах гаспадарыць каманда прафесіяналаў. Кожны трактар з сістэмай GPS - для дакладнай пасадкі. Азот, фосфар і калій ў адной капсуле. Гэта навінка для Беларусі. Плюс сістэма інтэнсіўнага паліву. У выніку 600 цэнтнераў з гектара - ураджайнасць бульбы, якая многім і не снілася. Але прыбытак у гэтай гаспадарцы павялічваюць не толькі за кошт аб'ёмаў.
Зараз жа галоўная прадукцыя лагойскага вытворцы - памытая бульба ў невялікіх ўпакоўках. Гэта тое, што даспадобы многім гаспадыням.
Упакоўка на выгляд нагадвае клёцкі, але унутры бульба, праўда, вельмі маленькая. Менавіта такая лепш за ўсё падыходзіць для запякання ў печы.


Іван Магер, намеснік кіраўніка фермерскай гаспадаркі: З гэтых двух механізмаў прадукцыя ідзе для жыхароў Мінска, Полацка і Наваполацка. А з гэтай устаноўкі - для Пецярбурга, Масквы і Мурманска. У залежнасці ад упакоўкі мы можам зрабіць за змену да 40 тон.


Сёння Лагойскі раён - зямля запаветная для многіх інвестараў.


Сяргей Ляўковіч, першы намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама: Рэалізуюцца праекты па вытворчасці кумысу. Гэта, напэўна, першая такая вытворчасць у Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень.


У планах жа Цнянскіх экапрадуктаў - на сто працэнтаў апраўдаць сэнс паняцця эка. Але вытворчасцю экалагічна чыстых прадуктаў па еўрапейскіх стандартах зоймецца ўжо аграхолдынг. У найбліжэйшы час да прадпрыемства далучацца яшчэ дзве гаспадаркі.