Сёння ў Нясвіжы завяршаецца фестываль камернай музыкі Музы Нясвіжа

18 мая 2013

Сёлета культурную праграму Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга завяршае творамі сучасных кампазітараў. Учора  ў гарадской ратушы гучалі кампазіцыі еўрапейскіх класікаў. Музы Нясвіжа збіраюцца ў горадзе ўжо васямнаццаты раз, але з узростам цікавасць да іх толькі павялічваецца.


Чаму - даведвалася Наталля Кезік. Васямнаццаты рэспубліканскі фестываль камернай музыкі Музы Нясвіжа пачаўся з прэзентацыі вось гэтай кнігі. У ёй сабраны матэрыялы маладых навукоўцаў пра горад з багатай гісторыяй. Навуковыя працы выдаюцца зборнікам штогод да дня адкрыцця фестывалю. Таму прынята лічыць, што Музы Нясвіжа -  праект не толькі музычны. Ён аб’ядноўвае навуковыя канферэнцыі і гістарычныя выставы. Так, каменны горад для гасцей фестывалю паказаны на карцінах пэндзлем мясцовых мастакоў. Сёлета Нясвіж здзівіў і гараджан і гасцей ясным летнім надвор’ем. Усе сямнаццаць гадоў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі расстаўляў свае пюпітры пад праліўным дажджом. Гэта сцэна, дарэчы, для мэтраў – радзіма іх музычнай творчасці. І за васямнаццаць гадоў атрымалася расказаць усю гісторыю беларускай музыкі XVII-XX стагоддзяў. У маленькіх гарадах вобласці праходзіць больш за дваццаць фестываляў і канцэртаў, якія ўжо сталі традыцыйнымі. Але пачатак гэтай добрай традыцыі паклаў менавіта Нясвіж.  Сёння, у апошні дзень фестывалю, на сцэне Нясвіжскага замка гучыць музыка выключна беларускіх кампазітараў. І ўжо заўтра жыхары Нясвіжа пачнуць сумаваць па традыцыйным фестывалі.